Читать «Звон ― не малітва» онлайн - страница 136

Уладзімір Бутрамееў

Нечакана з-за дрэў выходзіць Паўлінка, заўважае Яську, ставіць рукі ў бокі.

Паўлінка. Ану, пастаў бутэльку на месца!

Яська (здзіўлена). Паўлінка, ты адкуль тут узялася?

Паўлінка. А ты спадзяваўся ад мяне ўцячы, разумнік? (Сурова.) Не чапай, кажу, бутэльку. Адкуль ты такі багаты? (Паказвае рукой на абрус.) Хто плаціць будзе?

Яська. Не трэба плаціць, Паўлінка. Тут усё за так. (Узнімаецца, падыходзіць да Паўлінкі, бярэ яе за руку і цягне да абруса.) Сядай, мая любая жоначка, частуйся.

Паўлінка (недаверліва). А хто ўсё гэта прыгатаваў? Чые гэта сукенкі ды капялюшыкі? (Паказвае на ўборы.) Прызнавайся, акаянец, завёў сабе кралю? (Тупае нагой.)

Яська (сам сабе). Давядзецца ёй тое-сёе растлумачыць, інакш наробіць гвалту і нас хуценька адсюль выпруць. (Усаджвае Паўлінку пад яблыняй.) Гатаваць больш нічога не трэба, Паўлінка. А сукенкі ды капялюшыкі — гэта, напэўна, твае, калі ты ўжо тут апынулася.

Паўлінка. Мае? (Не можа адвесці вачэй ад убораў.) Яська, ты не жартуеш? (Усхопліваецца і бяжыць да ўбораў.)

Яська (важна). Разумееш, Паўлінка, нам пашанцавала. Мы з табой у рай трапілі.

Паўлінка (як ад гарачага адводзіць руку ад сукенкі). У які рай? Ты што, паспеў ужо прыняць на душу?

Яська. Ну, можа, не зусім у рай, але блізка да таго. (Абводзіць рукой вакол сябе.) Працаваць не трэба, адно еш, пі ды гуляй уволю!

Паўлінка (хуценька пераапранаецца ў новую сукенку). Усё жыццё марыла мець такую прыгожую сукенку! А які файны капялюшык! I праўда, рай!

Яська (адкаркоўвае нарэшце бутэльку і разлівае пітво ў два келіхі). Застанемся з табой тут назаўсёды, калі толькі ўстрымаемся, каб забароненага не зрабіць.

Паўлінка. А што нам забаронена? (Мяняе капялюшык.)

Яська. Ніколі не здагадаешся, Паўлінка. (Смяецца.)

Паўлінка. Няўжо есці?

Яська. Ну, ты скажаш. Не паміраць жа нам з голаду.

Паўлінка. Тады, напэўна, піць.

Яська (абурана). Які б гэта быў рай! Не, зусім не тое. Хадзі, вып’ем за нашае райскае жыццё.

Паўлінка ў новай сукенцы і ў капялюшыку сядае побач з Яськам. Выбраннікі лёсу чокаюцца, Яська выпівае, а Паўлінка выпускае келіх з рук.

Паўлінка (усплёсквае рукамі). Ой, Ясечка, няўжо... (Сарамліва азіраецца, нахіляецца да Яські і нешта шэпча яму на вуха.) Тады я не згодная. (Плача.) Хадзем дамоў...

Яська. От кабеты! Адно ў галаве. (Супакойвае Паўлінку.) Адам з Еваю не бралі шлюбу ў касцёле, а нас ксёндз блаславіў — нам можна.