Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 96

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Затым усё пераблыталася. Апякло агнём плячо, закружыліся ў вачах зоркі, і Санька паляцеў у чорную бездань. Зверху на яго хтосьці наваліўся, прыціснуў да зямлі. Ён ужо не бачыў, як, пераступаючы цераз людзей, фашысты свяцілі кішэннымі ліхтарыкамі і стралялі з пісталетаў у таго, хто здаваўся ім яшчэ жывым.

***

Санька апрытомнеў ад холаду. Падняў набрынялыя свінцовым цяжарам павекі і застагнаў. Нельга было паварушыць ні рукой, ні нагой. Сцяўшы зубы, ён зрабіў спробу ўзняць галаву і не змог. Галава чыгунная. Паварушыў рукой, і пякучы боль лрацяў усё цела да пятак. У вачах замільгалі чырвоныя і сінія кругі.

Так-сяк Санька выбраўся з-пад старога Ахрэма. Выбраўея і сеў. Пакратаў сваё плячо і скрыгануў зубамі. Побач ляжыць Лебяда і кірпаты Мікола.

Дзед Ахрэм застыў у такой позе, быццам збіраўся падхапіцца. Адну нагу падцягнуў пад сябе, рукой абапёрся на пясок, а вуха прыкладаў да зямлі, нібыта слухае, б'ецца яшчэ ў яе сэрца ці не. Вецер пяшчотна перабірае пасмы яго шырокай барады.

Сабраўшы сілы, Санька пабег. Пабег, не выбіраючы дарогі. Ён бег, затым ішоў, потым поўз па лазе, па бульбяным, няўбраным полі. Босыя ногі заходзяцца ад інею, які пакрывае зямлю. Санька здымае з галавы сваю падраную шапку, хавае ў яе ступні ног.

Ён страціў пачуццё часу: то дзень, то зноў ноч, то крычаць у халодным небе дзікія гусі, то равуць бамбардзіроўшчыкі.

Лежачы дагары ў бульбе, Санька праводзіць іх вачыма. Гэта нашы бамбардзіроўшчыкі. На іх крылах чырвоныя зоркі.

I зноў засцілае вочы цемра — нічога не відаць і не чуваць.

Позна вечарам Санька прыпоўз да нейкай вёскі. Дабраўшыся да крайняй, урослай па вокны ў зямлю старэнькай хаты, ён слабай рукой пачаў драпаць дзверы.

38. «Хоць i немец, а чалавек»

У Плёсах на хлопцаў, што пасвілі кароў, немцы зрабілі аблаву. Многія паўцякалі, пакідаўшы жывёлу а чалавек пяць, у тым ліку і Міцьку-Мангола, прывезлі людзі ў вёску на падводзе. Праўда, Міцька аддаў сваё жыццё недарма, ён усё ж пекануў са свайго ржавага кулямёта, і адзін з фашыстаў лёг касцьмі. Толькі Малашыху гэта не суцяшае. Пахаваўшы сына, яна ўсім скардзіцца, што яе хлопец чамусьці не прыходзіць абедаць. Кажуць, на яе нешта найшло.

Мая бабуля абяцае пасадзіць мяне на ланцуг разам з Жукам, каб не ўцякаў з двара.

— Глядзі, мой хлопец, мухі восенню балюча кусаюцца,— папярэджвае кожны дзень.

Гэта яна пра немцаў так. Бабуля падобная на квактуху, растапырыла, нібы крылы, над намі свае натруджаныя рукі, нос яшчэ больш завастрыўся, быццам дзюба, губы глыбока запалі, вочы насцярожаныя. Вось-вось гляне на неба і пачуецца трывожнае:

— Кыр-р-р!

Хавайцеся, маўляў, пад мяне, каршун кружыцца.

I раптам высяленне! Прайшлі салдаты па вуліцах, выгналі людзей з хат і калонай пад канвоем павялі іх кудысьці на захад. Дарогай некаторыя паўцякалі, разбрыліся па знаёмых і родзічах, што жылі ў іншых вёснах, а некаторыя крадком начамі вярталіся дамоў. Што датычыць нас, дык мы і зусім нікуды не выбіраліся.

— Куды гэта нас панясе супраць зімы? — абурылася бабуля, калі даведалася пра высяленне.— Хіба я зусім ашалела, каб кінуць-рынуць хату ды ісці ў белы свет? Не пойдзем!