Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 94

Iван Kiрэевiч Сяркоў

На другім тыдні ледзь жывы прывалокся дамоў. Бабуля доўга плакала, яна думала, што я пару ўжо дзе-небудзь зямлю, а потым пачала грэць у свіным чыгуне ваду, каб, хоць збольшага, абмыць з мяне бруд.

37. «За мяне стань — не так вецер будзе»

3 другога допыту Іван Лебяда не вярнуўся. Яго справы кепскія — затрымалі на станцыі з толам. Не вярнуўся і дзед Ахрэм, як звалі тут усе шырока-бародага старога. На яго данёс стараста — Ахрэм вазіў па начах у лес партызанам харчы. А затым паклікалі і Санькавага новага таварыша Міколу.

— Не хвалюйся, Санька,— сказаў ён на развітанне.— Адкруцімся. Я ім такіх баек нагавару, галава закружыцца...

Не дапамаглі, відаць, байкі — не прыйшоў назад і ён.

А Саньку вадзілі яшчэ два разы і абодва разы білі. Цяпер не абяцалі цукерак і не набіваліся падарункамі. Але нічога новага не выбілі. Ён мармытаў распухлым ад смагі языком адно і тое ж:

— Вераб'ёў страляць...

Пасля апошняга допыту яго зацягнулі волакам у другое памяшканне. Больш нішто не палохала. Раней ён баяўся смерці, асабліва калі выклікалі ўпершыню. Цяпер і з гэтым змірыўся. Калі б у Санькі спыталі, што ў яго баліць, ён, мабыць, не змог бы адказаць. Балела ўсё — рукі, ногі, спіна, на якой не было жывога месца. Хутчэй бы ўсё гэта як-небудзь скончылася.

Але крыху адляжаўшыся, ён пачынаў думаць інакш. Цяпер яму не падыходзіла як-небудзь. Хацелася жыць. Як і многія хлапчукі, ён марыў стаць ваенным, хоць яшчэ не ведаў, ніто яму больш падабаецца — быць пагранічнікам, як Карацупа, ці лётчыкам або мараком. А цяпер што будзе? Прыйдуць нашы, а яго, Санькі, ужо няма. Далей думкі губляліся і хацелася плакаць.

— Супакойся, унучак, супакойся, дурненькі,— гладзіў яго па галаве дзед Ахрэм. У цемры Санька не заўважыў, што стары тут. Тут, аказваецца, і Мікола. Цяпер яго не пазнаць. Пад вокам вялізны сіняк, проста крывёй наліўся. I Лебяда ляжыць ніц, падклаўшы пад галаву сваю адзіную руку. Многа людзей і незнаемых.

Санька хоча спытаць у дзеда, навошта іх перавялі, ды цяжка варочаць языком. Ён і так здагадваецца па хмурых тварах людзей, што будзе нешта нядобрае, страшнае.

Было ўжо цёмна, калі за дзвярыма зараўла машына, загрукаў замок. Дзед Ахрэм узяў Саньку за руку і сказаў:

— Ты не бойся, унучак, не бойся. Яны цябе адпусцяць.

А Санька і не баіцца. Ен ступае чужымі, здранцвелымі нагамі, нібы ў страшным сне, калі ўцякаеш ад нябачанай пачвары: хочаш бегчы, а не бяжыцца, хочаш крыкнуць, а не крычыцца.

На двары ад дзвярэй да машыны стаяць па баках эсэсаўцы. Каля кузава грузавіка, крытага брызентам, сонным, стомленым голасам лічыць афіцэр:

— ...Драй, фір, фюнф, зэке... айн унд цванцык, цвай унд цванцык...

Другі побач пыхкае цыгарэтай. Чырвоны агеньчык асвятляе яго востры нос, чорны бліскучы казырок.