Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 98

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Ён быў далекавата, але я адразу зразумеў, што гэта наш баец.

— Баба, нашы! — радасна крычу я ў бліндаж.

— Сядзь, нячысцік! — цягне бабуля мяне за бурак. Баец пераскочыў агароджу і ўпаў у разору. Замерла сэрца — няўжо забілі. Але праз хвіліну адтуль абазваўся аўтамат. Баец страляе то ў адзін, то ў другі бок. Яго акружаюць.

Вось адзін з немцаў зялёнай яшчаркай паўзе па бульбе.

— Паглядзі, паглядзі сюды,— прашу я байца. Ён нібыта пачуў. Паглядзеў і даў кароткую чаргу. Яшчарка ўгаманілася.

Баец падхопліваецца з разоры і, кідаючыся то ў адзін, то ў другі бок, бяжыць на вуліцу. Хоча заскочыць у двор. Каля самых варотцаў пахіснуўся і, абдымаючы шула, асеў на зямлю.

Немцы асмялелі. Іх некалькі. Яны падняліся з зямлі і, прыгінаючыся, пачалі перабягаць да Міронавага двара. Вось зноў пападалі. Баец страляе з невялікага дашчанага хлеўчука.

Немцы ракетай падпалілі страху. Я размазваю па шчоках брудныя слёзы. Лютае, ненажэрнае полымя са звярынай радасцю ахапіла салому, затрашчала, зараўло, аблізваючы пачарнелыя галіны вербаў. Але і цяпер баец не дае немцам падняць галавы. То доўгія, то кароткія чэргі аўтамата прыгінаюць ворагаў да зямлі. Толькі тады, калі з грукатам праваліўся дах, узняўшы высокі слуп іскраў, аўтамат змоўк.

Я ціха споўз у бліндаж. Усё скончана. Загінуў.

— Нашы плыйшлі? — пытае мяне Глыжка. Я шморгнуў носам і кіўнуў галавой...

— I плаўда? — узрадаваўся ён.

Яго асадзіла бабуля:

— Праўда — крыўда. Памаўчы. Немцы ходзяць.

Яна як у ваду глядзела. Забразгалі жалезныя бляшанкі процівагазаў. Усё бліжэй і бліжэй. Спыніліся каля нашай нары. Відаць толькі дзве пары салдацкіх ботаў.

Адзін з фашыстаў нагнуўся, і я сустрэўся з ім позіркам. Гэта было рудое, даўно няголенае мурло, з нейкімі туманнымі, патухлымі вачыма. Ён махнуў рукой — вылазь.

Другі — чарнявы, худы. У каўняры салдацкага мундзіра змесцяцца дзве яго шыі. Ён пасвяціў у наш бліндаж кішэнным ліхтарыкам і, не знайшоўшы нічога падазронага, адышоў убок.

Мурло агледзела мяне з ног да галавы: вялікая дзіравая шапка спаўзае мне на вочы, звісаюць доўгія рукавы, на нагах буркі — ім ужо ідзе трэцяя зіма. Твар у мяне, як у качагара, адны вочы блішчаць. Тут кожны дзень не наўмываешся. Гэта ўсё дало падставу немцу зазначыць, што я «русіш швайн» — руская свіння. А пасля гэтага ён хутка, з пагрозай штосьці такое загергетаў. Я разабраў толькі некалькі слоў:

— ...Цвай русіш зольдатен...

— Не разумею,— паціснуў я плячыма.

Мурло нібы звар'яцела. Яно загарланіла так, што ў мяне зазвінела ў вушах. На крык высунулася з бліндажа бабуля і запанкала:

— Пан, паночак, сірата ён, невінаваты ён, ён тут сядзеў...

I пачала плакаць.

Мурло толькі пакасавурылася на старую і ткнула мне пад нос пісталет:

— Пiстоль фарштэен?

— Пiстоль фарштэен,— пацвердзіў я кіўком галавы. Я здагадваюся пра астатняе. Яны шукаюць двух нашых салдат. Магчыма, разведчыкаў.

Немец паказаў мне пісталетам у бок плота, і я пайшоу. Усё гэта як скрозь нейкі туман. Страляць ён хоча мяне, ці што?

— Айн... цвай... драй...— лічыць мурло мае крокі, а перад вачыма старыя, гнілыя дошкі плота. Яны бліжэй і бліжэй. На адной зялёныя лішаі, другая трэснута ўздоўж, ледзь трымаецца на ржавым цвіку. Пад плотам густы, мяккі мурог. Тут была высокая трава, ды бабуля сярпом павыжынала... Чаго яна там галосіць? Абы не балюча было. Абы адразу. Калі ў галаву, то добра...