Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 97

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Мы хуценька перацягнулі клункі з манаткамі ў бабульчын бліндаж, залезлі туды самі і сцішыліся. Старая села на выхадзе, каб мы з Глыжкам не высоўвалі насоў. Назіранне за ворагам яна вядзе сама і перадае нам кароткія звесткі:

— Топчуцца ў двары... Панясло, каб іх нячыстая сіла насіла.

I вось ужо цэлы месяц снарады з лютым завываннем дзяўбуць мёрзлую зямлю на агародах. Па начах то на адной, то на другой вуліцы палаюць хаты. Днём, амаль чапляючыся за коміны, носяцца над стрэхамі нашы самалёты-штурмавікі.

Спачатку было страшнавата, а потым неяк прызвычаіліся. Нават бабуля прывыкла да баявой абстаноўкі і перастала божкаць пры кожным выбуху. Яна па гуку навучылася вызначаць, дзе ўзарвалася: далека ці блізка. Грымне так, што за каўнер сыплецца з бабульчынага накату пясок, а яна супакойвае нас:

— На Скокавым агародзе. Асколашны.

Заходзіць ходырам зямля, а бабка зноў:

— Бач ты... бонбу скінулі.

Я спачатку лез спрачацца — мне ж больш вядома,— толькі старая ў спрэчку не ўвязваецца:

— Ну, няхай міна.

Махне рукой, абы адчапіўся.

Калі страляніна крыху сціхае, мы з Глыжкам прабіраемся ў хату і пачынаем кухарыць: намываем у чыгункі бульбы, запальваем у печы агонь.

У вокнах ніводнай шыбы, па хаце гуляе вецер, завываюць снарады, праносяцца штурмавікі, а ў нас кіпіць бульба. Самае галоўнае — данесці яе ў бліндаж. Тэта не заўсёды ўдаецца. Аднойчы на суседнім агародзе метраў за сто ад нас упалі два снарады. Глыжка з перапуду ткнуўся носам у разору, і па зямлі пакаціўся гарачы чыгунок, рассыпалася бульба.

— Эх ты, салдат! — папракнуў я малога.— Табе толькі паклоны біць.

— А ты шалдат! — пакрыўдзіўся Глыжка, старанна падбіраючы бульбу.— Шам дык поўжаеш...

Але пасля гэтага выпадку пахрабрэў. Калі ўжо і падаў, то бярог чыгунок.

Толькі, нягледзячы на нашу з Глыжкам мужнасць, мы не заўсёды вярталіся ў бліндаж з ежай. Двойчы бульбу ў нас адбіралі немцы. Адзін проста высыпаў у крысо шыняля і пабег па агародах, а другі выхапіў чугунок і даў нам кожнаму па выспятку.

Неўзабаве бабуля і зусім забараніла такія вылазкі. Здарылася гэта пасля гібелі дзеда Мірона. Ён сядзеў у хаце з бабай Гапай і снедаў. Раптам забег немец, вывеў дзеда на агарод і загадаў легчы. Стары Мірон лёг.

— Не так,— паказаў яму фашыст рукамі.— Лажыся ніц.

Дзед лёг ніц. Немец стрэліў з пісталета ў патыліцу і пайшоў.

Выбегла баба Гапа на агарод, залямантавала на ўсю вуліцу, праклінаючы і гэтых нелюдзяў, і Гітлера, і ўсю Германію. Яна цяпер не баялася смерці, няхай заб'юць і яе. А той нават не азірнуўся, паціху пайшоў за агароды на гарадзішча, дзе былі іх траншэі.

Ноччу асабліва люта грымеў бой. Стралялі зусім блізка. 3 аўтаматаў. Мабыць, нашы ўварваліся ў вёску. Успыхваюць ракеты, заліваючы наваколле халодным сіняватым святлом, гараць хаты. Вось ужо настала і раніца, а наверсе робіцца пітосьці незразумелае. Страляніна то набліжаецца, то аддаляецца, то сціхае, то разгараецца з новай сілай.

Мне не сядзіцца. Бабуля сварыцца і ўвесь чась цягне за зашмальцаваны рукаў маёй світкі, але хіба ты вытрымаеш і не высунеш носа?