Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 95

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Санька з прагнасцю хапіў глыток свежага паветра, глянуў на чорнае неба. Там спакойна мігаюць зоркі. Іх не датычыць тое, што робіцца на зямлі.

Калі надышла Санькава чарга лезці ў машыну, дзед Ахрэм сказаў афіцэру:

— Пан афіцэр, дзіцё тэта. Навошта ён вам? Няхай жыве. Па дурасці ён зрабіў гэта. Адпусціце.

Афіцэр нешта гаркнуў. Да Санькі падскочыў дужы эсэсавец і кінуў яго ў кузаў.

— Фір унд цванцык,— падбіў рахунак афіцэр. За Санькам залез дзед, сеў побач і суцешыў:

— Нічога. I яны пахаркаюць крывёй...

Недзе ашалела закрычаў певень, быццам яму прысніўся паганы сон. Гыркнуў грузавік, крануўся з месца.

Не думалася Саньку, што ўсё так скончыцца, не спадзявауся ён так дарэмна загінуць, калі ў першыя дні вайны рыхтаваўся ў паход, калі збіраў патроны і гранаты, каб пайсці ў партызаны не з пустымі рукамі.

— Як справы, таварышы камандзіры? — успомніўся яму паранены камісар, які ляжаў у Міронавым бліндажы.— Яны за ўсё заплоцяць. Прыйдзе Чырвоная Армія, і заплоцяць...

Маці шкада. Гараваць будзе... Маці заўсёды гаруе, калі Санька трапляе ў бяду, а бяда за Санькам заўсёды следам ходзіць. То ў калгасную веялку палец укруціў, то дыфтэрыя на яго напала, то калёсамі нагу пераехала, то итальянская граната ледзь не забіла. Санька адсапецца, адляжыцца, а маці наплачацца.

Маці, маці, колькі слёз пралілі вашы вочы, колькі начэй недаспалі, калі вы, схіліўшыся над сынамі, адганялі ад іх бяду. Толькі нязгасныя вашы сэрцы, трапяткія і мужныя, пяшчотныя і суровыя, поўныя любві і гневу, могуць перажыць такія трывогі, якія выпадаюць на вашу долю. Рана адцвітаюць вашы вочы, пакрываюцца маршчынамі родныя твары, але не трэба вам ніякай узнагароды за гэта: жывіце толькі, дзеці, не памірайце, няхай вас міне хвароба, няхай не кране бяда-гора. Жывіце!

А машына тым часам раве і раве. Кідае яе на ўхабах разбітай, раскоўзанай дарогі, і Санька стукаецца галавой аб драўляную рэйку. Моўчкі сядзяць на выхадзе двое аўтаматчыкаў. Астатнія едуць следам на другім грузавіку. Яго прытушаныя, падслепаватыя фары клапатліва аглядаюць дарогу, выхопліваюць з цемры махнатыя лапы рэдкага сасонніку, заглядаюць у кузаў, дзе сядзяць асуджаныя. У кузаве ўсе маўчаць. Маўчыць і Санька, сцяўшы зубы.

За сасоннікам машына прытармазіла і пачала пералічваць коламі бярвенні старога мастка: раз, два, тры...

— Канава,— сказаў нехта ў цемры, здаецца, Лебяда, і ўсе зразумелі: блізка.

Калі высаджвалі з машыны, дзед Ахрэм яшчэ раз папрасіў:

— Адпусціце дзіця, каты!

I атрымаў прыкладам у плечы.

Іх паставілі ў рад. За спіной супрацьтанкавы роў — наперадзе яркія фары машын. Рэзкае святло б'е ў вочы, аж выступаюць слёзы. Немцы там, за святлом, у цемры. Санька іх не бачыць. Чуваць толькі, як бразгае зброя.

Ноч сырая, золкая, і ў Санькі дрыжыць кожная жылка. Дзед Ахрэм прытуліў яго адной рукой да сябе, другой гладзіць па галаве.

— За мяне стань, за мяне,— шэпча ён,— не так вецер будзе.

Санька нічога не разумее. Пры чым тут вецер? Хіба не ўсё роўна?

Калі клацнулі затворы аўтаматаў, дзед пасунуўся шчыльней да Лебяды і на нейкі момант засціў перад Санькам фары.