Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн
Iван Kiрэевiч Сяркоў
Мы з Санькам у тыле ворага
1. Старая школа
Нядаўна ў нас пачалі будаваць новую цагляную школу. Месца для яе выбралі прыгожае, высокае — на цвінтары за былой царквой, у якой зараз знаходзіцца клуб. Наша настаўніца Антаніна Аляксандраўна гаворыць, што восенню мы пойдзем ужо ў новую школу, у чацвёрты клас.
А пакуль мы вучымся ў старой і заканчваем трэці. Старая школа — гэта пачарнелая ад часу драўляная будыніна на высокім падмурку. Некалі трывалыя, смалістыя бярвенні сцен патрэскаліся, сям-там параслі мохам. Толькі нядаўна адрамантаваны бляшаны дах у сонечныя дні весела паблісквае новымі цынкавымі лапікамі.
Каля школы выстраіліся ў рад сівыя, аджыўшыя свой век таполі. Кару з іх мы даўно аблупілі на лодачкі, і дрэвы свецяць голымі бакамі. На самай высокай сухой верхавіне пасяліўся бусел. Непадалёку ад яго гнязда бойка гамоняць задзірыстыя вераб'і.
Мой бацька расказваў, што калісьці, яшчэ да рэвалюцыі, калі ён сам быў вучнем, у нашай школе знаходзілася воласць. А бабуля дык яшчэ і цяпер школу называе воласцю. Прыйдзе яна з калгаса дамоў абедаць і пачынае расказваць:
— Сустрэла я сёння каля воласці Агату, што за Халімона выйшла...
— Каля школы, баб,— папраўляю я.
А яна толькі рукой адмахваецца:
— Адкасніся, смала! Буду я табе школкаць...
I зноў за сваё: воласць ды воласць.
Што такое воласць, я ўжо добра ведаю,— ад старых чуў. Там сядзелі валасны старшыня і пісар. Яны выцягвалі з людзей жылы і зводзілі кудысьці іхніх кароў. I яшчэ ў воласці сядзеў паліцэйскі прыстаў. Вусаты такі. 3 шабляй і бізуном. Ен сек мужыкоў дубцамі і саджаў іх у халодную.
Халодная ёсць і зараз. Яна знаходзіцца якраз пад вокнамі настаўніцкай. Гэта вялізны цагляны склеп з цяжкімі дубовымі дзвярыма, на якіх заўсёды вісіць іржавы замок. Часта на перапынках мы, хлапчукі з трэцяга «Б», спускаемся па сцёртых падэшвамі каменных прыступках да гэтых дзвярэй і кратаем замок — можа, адамкнецца. Замок не адмыкаецца. Тады мы па чарзе заглядваем у шчыліну паміж дошак, пакрытых зеленаватай цвіллю. За дзвярыма цёмна хоць вока выкалі, адтуль патыхае сырасцю і перакіслай капустай. Але кожны з кас у той цемры штосьці бачыць — і кожны бачыць рознае.
— Ш-ш-шкілет,— таямнічым шэптам паведамляе Коля Бурэц, чарнявы, з зыркімі, як у цыганёнка, вачыма. Яго дражняць Храбры Заяц. I мянушка гэтая прыліпла да яго кездарма. Аднойчы на ўроку Колю выклікалі чытаць. Ен адкашляўся і пачаў:
— Храбры заяц. Кхм. Жыў у лесе заяц і ўсяго ён ба...
У гэты час са столі адваліўся кавалак тынку і ўпаў проста на Колю. Увесь клас засмяяўся, а ён заплакаў. I пачаў заікацца.
3 таго часу і пайшло: Храбры Заяц ды Храбры Заяц.
За Колем да дзвярэй прыліпае Санька. Ен глядзіць доўга і ўважліва, засланіўшыся ад святла рукамі. Мы стаім, прытаіўшы дыханне, і чакаем, што ён скажа. Я пабойваюся, што Санька забыўся пра мяне: хутка зазвініць званок і трэба будзе бегчы ў клас, не паглядзеўшы ў шчыліну. Нарэшце Санька здаволіўся.