Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 9

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Стаміўшыся, яна садзіцца на лаўку, і па яе худых шчоках коцяцца слёзы.

— Мам, чаго ты? — спалохана пытаюся я.

— Спіце, спіце,— схамянаецца маці.— Гэта я так, дзеткі, прыпамятавалася жаласлівае...

Але ўжо не спіцца. Мне вельмі шкада маці, і я сам сабе абяцаю, што буду заўсёды яе слухацца і з заўтрашняга дня буду добра пасвіць кабанчыка і гуляць з Глыжкам. Сёння мне яшчэ нельга. Санька назначыў ваенныя манеўры. Ён цяпер у нас Чапаеў, а я яго Пецька.

Наеўшыся тоўчанай бульбы з малаком, мы з Глыжкам выбягаем з хаты. А тут сонца поўны двор, поўная вёска, поўнае неба. На двары ў смецці корпаецца квактуха з куранятамі. Паграбае лапамі, паквохкае, і кураняты трушком да яе. Убачыўшы, што нічога талковага не выкапалася, яны расчаравана разыходзяцца ў бакі. Квактуха сама збянтзжана — павінна ж было штосьці быць! I яна зноў пачынае грабаць, яшчэ больш старанна.

Кабанчык ужо ўзараў паўдвара — увесь лыч да самых вачэй у зямлі. Ён сустракае нас, як блізкіх прыяцеляў, вясёлым рохканнем:

— Рох-рох-рох! — Кабанчык быццам пытае: што, хлопцы, пойдзем пакапаем мурог на поплаве?

Але больш за ўсё ўзрадаваўся нашаму з'яўленню Жук. Ён аж затанцаваў каля сваёй будкі, бразгаючы ланцугом. У яго сабачых вачах нямы папрок: ну і спіце ж вы, як паны! А вось хлеба вынесці, мабыць, забыліся.

Санька налятае на мяне, нібы віхор. Ён як з-пад зямлі вырас: грозны і рашучы. Выгаралыя, кудлатыя валасы тырчаць ва ўсе бакі, а на лбе зноў свежы гуз.

— Ты сядзіш вось тут,— накінуўся ён на мяне,— а хутаране нашу крэпасць на поплаве занялі...

Хутаране — гэта такія ж хлопцы, як і мы, толькі з Хутара. А Хутар — вуліца, што па той бок поплаву. У нас з імі даўно ідзе жорсткая барацьба. Гэтыя самыя хутаране, якімі верхаводзіць Пецька Смык, нахабна лічаць сябе чырвонымі, а нас белымі. А ўсё якраз наадварот: чырвоныя — гэта мы, бэлыя — яны. У нас камандзір Чапаеў. Санька не сам гэта прыдумаў. Яго Чапаевым назваў кінамеханік, а цяпер і ўсе людзі так завуць, нават мой бацька. Ен заўсёды смяецца:

— Што, Чапаеў, новы гуз носіш? Ну, нічога, лоб трывалы будзе.

Нам з Санькам вельмі падабалася кіно пра Чапаева. Мы схадзілі за грошы раз-другі, а потым дзе ты іх, гэтых грошай, набярэшся? Вырашылі перахітрыць кінамеханіка. Калі скончыўся першы сеанс, мы залезлі ў куток пад лаўку і сядзім як мышы пад вешкам. Удалося. Мы і ў другі раз, і ў трэці, а на чацвёрты раз...

Мы з Санькам не любім успамінаць, што было на чацвёрты раз. Калі майго сябра выцягнулі з-пад лаўкі, ён сказаў з перапуду:

— Я... я... Ча-ча-паеў...

— Вось я табе дам Чапаеў! — раззлаваўся кінамеханік і вывеў яго з клуба за вуха, а ў калідоры, дзе было процьма народу, аб'явіў:

— Вы бачылі? Ен Чапаеў!

А затым куляй вылецеў і я. З таго часу і пайшло пра Саньку. Чапаеў ды Чапаеў. Толькі хто ж за гэта будзе крыўдзіцца?

Асноўныя «ваенныя» падзеі адбываюцца на поплаве. Ён нібы знарок прыдуманы для такой справы. Зараснікі дзядоўніку, крапівы, конскага шчаўя тут такія, хоць ваўкоў ганяй. Гэта дае магчымасць скрытна перасоўвацца нашым «войскам», рабіць засады і хадзіць у разведку.