Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 10

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Ёсць на поплаве такое месца, як Глінішча. Тут уся наша вёска капае гліну для розных патрэб: каму трэба ў хляве дзірку замазаць, каму комін паладзіць, каму печ перакласці. Капалі яе нашы прадзеды, дзяды, капаюць і бацькі. Хто кошыкам, хто вядром, хто возам — і перацягнулі людзі ў свае хаты і двары амаль паў-поплаву. Цяпер тут яма на яме. I ямы не звычайныя, а з розкымі падкопамі і пячуркамі.

На Глінішчы мы збудавалі крэпасць. Выбралі зручную яму, нацягалі сухіх камякоў гліны, дзёрну, што нарылі свінні, і атрымаліся сцены. Цэлыя два дні развяваўся над імі наш непераможны сцяг. А цяпер там сядзяць хутаране: Пецька Смык і яго смыкаўцы. Так што манеўраў сёння не прадбачыцца, а будзе штурм.

— Гуляй каля двара! — загадаў я Гляжку. А ён насупіўся і таксама рвецца ў бой.

— А няхай бяжыць,— дазволіў Санька.

Неўзабаве сабралася ўсё наша войска. Апрача нас з Санькам і Глыжкі тут былі Коля Бурэц, Міцька Малах і яшчэ з дзесятак меншых хлапчукоў, з нашай вуліцы.

Баявыя дзеянні пачаліся нашай атакай. Хутаране сустрэлі нас дружнымі залпамі дзёрну. Кінуліся ўрассыпную з трывожным гогатам гусі. Каза, што пасвілася недалёка ад крэпасці, сарвалася з прывязі і з жаласным мэканнем пацягнула дахаты вяроўку з жалезным клецам. Пусціўся наўцёкі белалобы бычок. Мы наступалі і адступалі, наступалі і адступалі хутаране, былі кавалерыйскія атакі і засады, сінякі і гузы, рукапашныя сутычкі і падраныя штаны, скрытыя абходы і калючкі дзядоўніку ў каленях і ў далонях.

Ужо з лугу праехалі на падводах дзяўчаты з песнямі, прайшлі стомленыя касцы, вярнуліся з пашы каровы, а бітва на Глінішчы не сціхала. Яна пагражала зацягнуцца на ноч. I толькі Санькава маці ўсталявала мір на зямлі. Яна прыйшла сюды з лазіной, і наш Чапаеў, робячы абыходныя манеўры, пусціўся дахаты. Тады і астатняе войска ўспомніла, што яно яшчэ не абедала, хоць час ужо быў і вячэраць.

Нас з Глыжкам сустрэлі дома далёка не так, як пераможцаў, і асабліва мяне.

— Што, з'явіўся? — змрочна спытаў бацька.— Вось бяда. Хоць ты яму кол на галаве чашы.

— А божа ж ты мой,— агледзеўшы нас з ног да галавы, сказала маці.

Бабуля, як заўсёды, прадказвае будучыню:

— Не на дабро гэта яны разгуляліся ў вайну. Ой, не на дабро!

5. Мы становiмся бязбацькавiчамi

Не паспелі мы прывыкнуць да электрычнасці, як Іван Буслік і яшчэ нейкія дзядзькі зноў пачалі лазіць па слупах і цягнуць новыя правады. Аднойчы яны спыніліся і каля нашага двара. Ногі Бусліка — нібы брыгадзірская казліна, якой мераюць поле. Прайшоўся ён разы са два ад слупа да хаты, змераў адлегласць, а потым паставіў паміж вокнаў лесвіцу і давай свідраваць сцяну свердзелам. Бабуля рукамі пляснула:

— Ды што ж гэта ты, хлопец, зноў дзіркі ў сцяне робіш? Зімой жа ўвесь дух з хаты вытхнецца.

А Буслік сядзіць на лесвіцы і зубы шчэрыць:

— Бабка, з музыкай жыць будзеш. Паскачаш, і цёпла стане.

I сапраўды, неўзабаве загучала ў хатах музыка. У Санькі радыё круглае і чорнае, як патэльня. А ў нас на куце пад абразамі стаіць невялікая ружовая скрынка. Пакруціш ручку, і гэтая скрынка як урэжа «Лявоніху», дык лепш атрымліваецца, чым у Адама, вядомага на ўсю вёску гарманіста. А іншы раз і казку раскажа: «Жылі-былі дзед ды баба...»