Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 7

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Паглядзіш туды, дзе сонца садзіцца, і перад табой бязмежнае калгаснае поле, калышацца, ходзіць буйнымі хвалямі жыта, побач зелянее бульба. Па яе пасевах туды-сюды снуюць коні, дакладней кажучы, маленькія конікі, а следам за імі такія ж маленькія людзі. Там калгаснікі разворваюць рады. Летам ім нядзеля не за нядзелю.

Наша вуліца Ніжні Дол самая прыгожая. Яна ўся ў вербах. Гэта таму, што нам без вербаў жыць нельга. Бацька гаворыць, яны нас ратуюць.

Пасярод вуліцы цячэ раўчак. Летам у ім вераб'ю па калена, затое вясной раўчак разліваецца на ўсю вуліцу. Ен затапляе агароды і сады, імчыць, не выбіраючы дарогі, размывае берагі. Каб не вербы, дык і хаты пазносіў бы.

Самога раўчака мы з Санькам адсюль не бачым. Ён хаваецца ў густых зарасніках гарчаку і ваўчкоў. Але нам і так вядома: там пялёскаюцца качкі, купаюцца свінні, хлапчукі з дзёрну гародзяць гаці і б'юць жаб. 3-за гэтага раўчака ў нас з Санькам на нагах цыпкі.

Адразу ж за нашай вуліцай разліўся Сітняг — вялікае возера. На сонцы Сітняг пераліваецца, іскрыцца срэбрам. На беразе стоўпіліся каровы, а побач з імі фантанамі ўзнімаюцца пырскі. Там купаюцца хлапчукі.

Далёка-далёка за Сітнягом, там, дзе сустракаецца зямля з небам, відаць горад. Дакладней кажучы, не сам горад, а толькі элеватар. Туды маці па нядзелях носіць малако, яйкі, розную дробязь з агароду: маладыя бурачкі, моркаўку, а адтуль — гасцінцы: абаранкі з макам, морс у тоўстай рабрыстай бутэльцы, які, здаецца, піў бы і піў бы без пярэдыху.

Стараселле якраз у другім баку. Колькі мы ні ўглядаліся з Санькам, але майго дзеда Кулагу так і не ўбачылі. Там таксама ўсюды вербы. Адна макаўка царквы тырчыць.

Насядзеўшыся ўволю на даху, мы пайшлі аглядаць школу з сярэдзіны. Тут пахла свежай маслянай фарбай, смалістымі стружкамі, вапнай і яшчэ кемаведама чым. Калідоры доўгія, шырокія, што вуліца, і гулкія, як калодзеж.

— Гэ! — крыкнуў Санька. Атрымалася так, быццам сто Санькаў крыкнула.

— Гэта мы! — не ўтрымаўся і я.

— Ы-ы! — гулам пракацілася па пустой школе.

Мы прабеглі па калідорах-вуліцах, паляпалі новымі дзвярыма, разы па два з'ехалі па поручнях лесвіцы з другога паверха на першы і спыніліся ў адным класе. Клас быў недабелены. Тут валяліся квачы і стаяла дзежка з мелам. Мел на дне, а зверху сіняватая вадзічка.

— Трэба ўзмуціць,— сказаў Санька. Потым яму захацелася зрабіць добрую справу — крыху пафарбаваць. А ў нас так: што робіць Санька, тое і я, а што — я, тое і Санька.

Перацягнуць дзежку да рыштавання ў нас не хапіла сілы, таму мы паклалі на яе дошку і ўзяліся за работу. Мел з квачоў пырскаў нам на галовы, на кашулі і штаны. Добрая справа яшчэ толькі пачалася, а нас ужо не пазнала б і родная маці. Санька з рыжаватага ператварыўся ў бела-рабога, а мае новыя чартакожавыя штаны сталі квяцістыя, як бабуліна святочная кофта. У гэты час і грымнуў гром.