Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 8

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— А-а, паганцы! Дык гэта вы што?

На парозе як з-пад зямлі вырас дзед Міхей з доўгім кійком у руках. Па ўсім было відаць, што жартаваць ён не збіраўся. Яго рэдкая казліная бародка аж траслася ад гневу.

— А хлуда вы не хочаце? — спытаў стары.

Што-што, а хлуд нам не патрэбен. Я кінуў дошку, якую ўвесь час падтрымліваў, каб Санька не зляцеў на падлогу, і сігануў у расчыненае акно. Санька спачатку ўскочыў дзвюма нагамі ў дзежку, а адтуль ужо як чорт вылецеў услед за мной.

Ад школы па-за агародамі мы выскачылі на поплаў, а потым па крапіве і дзядоўніку выбеглі да раўчака. Тут спыніліся і агледзеліся. Я дык яшчэ нічога, а на Саньку страшна было глядзець: белы з галавы да ног. Больш таго, на Санькавым ілбе сядзеў новы гуз велічынёй з добрую сліву.

Да самага вечара мы мылі ў раўчаку і сушылі на траве сваё адзенне. А калі ішлі дамоў, Санька сказаў:

— А школа ўсё ж добрая.

Я з ім згадзіўся: добрая школа, высокая.

4. Чапаеўцы

Лета над сялом плыве спякотнымі сонечнымі днямі, навальнічнымі хмарамі, зорнымі, парнымі начамі. Раніцой яно рассыпае буйныя росы па травах, звініць аб донне даёнак тугімі струменямі цёплага, пахкага малака. I вось ужо разлягаецца голас пастуха:

— Гэ-э!.. Гэ-э! Куды пайшла! Эх, воўк тваё мяса еш!

Гучна ляскае доўгая, цяжкая пуга.

I раптам дзесьці далёка, на краю вёскі, пачынае часта-часта ляпаць па бабцы малаток, яму адгукаецца другі у друпм двары, затым у трэцім, чацвёртым і, нарэшце, у нашым, пад самымі вокнамі:

— Цюк-цюк-цюк-цюк-цюк...

Змоўкне на хвіліну і зноў. Гэта бацька наводзіць касу.

Мая бабуля таксама вострыць цаглінай капаніцу. У калгасным садзе яшчэ не выпаланы буракі. Ад гэтых буракоў ва ўсіх аж рукі адвальваюцца.

Бабуля ў мяне малайчына. Ей ужо каля шасцідзесяці, і нішто сабе — як маладая: рухавая, упраўная. Мабыць, таму і называюць яе не па бацьку, а проста так: цёця Моця. Без яе ні адна справа ні ў сваім, ні ў калгасным агародзе не абыходзіцца: і парніковыя рамы шкліць ды абмазвае, і расаду вырошчвае, і памідоры пасынкуе, і грады праполвае, і высадкі малоціць. Людзі здзіўляюцца: адкуль у яе толькі сілы бяруцца?

Твар у бабулі гарбаносы, сухі, валасы густыя і чорныя, вочы зыркія, то насмешлівыя, то калючыя. Яна імі мяне наскрозь бачыць, яна ведае, чым я дыхаю. Вось толькі зубоў у яе мала. Але ўсё роўна хутчэй, чым яна, яблык не згрызеш: дастане з кішэні ножык, шкраб-шкраб-шкраб — і ў рот. Дарэчы, у бабульчынай кішэні знойдзеш не адзін толькі ножык. Там убачыш і новы цвік, і сырамятны раменьчык, і скрутачак медных дроцікаў — што хочаш.

Свой «струмент» бабуля не давярае нікому. Аднойчы бацька сам навастрыў капаніцу наждаком, дык потым бяды не мог абабрацца — не так.

— Ну, глядзі тут, дзеўка. Я пайшла! — крычыць бабуля ў акно, паскрыгатаўшы аб капаніцу цаглінай.

Дзеўка — гэта мая маці. Яна ўжо некалькі год хварэе. Яе і дома лячылі, і клалі ў бальніцу, ды лекі не дапамагалі. Бабуля гаворыць, што маці надарвала сэрца і новага тут не ўставіш.

Маці, охкаючы, топчацца ля печы, грыміць у парозе вілкамі і качаргой, праклінае цяжкія чыгуны.