Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 11

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Глыжка на гэтае цуда надзівіцца не можа. Я і сам ніяк не ўцямлю, чаму яно гаворыць: язык там які-небудзь жалезны ёсць, ці што?

Выбраўшы зручны момант, калі ў хаце нікога не было, мы з Глыжкам вырашылі паглядзець, як зроблена радыё. Адарвалі абцугамі заднюю сценку скрынкі і ткнулі ўсярэдзіну свае насы. Ніякага языка там не аказалася: адны жалязячкі ды дроцікі. Паспрабавалі цвіком — прыліпае.

— Магніт,— растлумачыў я Глыжку.

Мы разглядалі радыё, мацалі, пакуль яно не сапсавалася. Круць-верць — маўчыць, верць-круць — як у рот вады набрала. Так-сяк зграблі ўсё ў кучу і ходзім самі не свае.

На другі дзень да нас зноў прыйшоў Іван Буслік. Бацька паклікаў. Паглядзеў Буслік спачатку на радыё, потым на нас з Глыжкам і па-змоўніцку падміргнуў. Затым ён пакалупаўся крыху ў дроціках, скрынка пашыпела, пакашляла, быццам у глотцы яе нешта перасела, і строгім незнаёмым голасам сказала: «Наше дело правое, враг будет разбит, победа будет за нами!»

Бацька аж ускочыў з лаўкі.

— Што гэта?

— Здаецца, вайна,— няўпэўнена адказаў Буслік, потым згроб свае абцужкі, адвёрткі, шрубкі-болцікі і, махнуўшы рукой на бутэльку, якую бацька паставіў на стол, выбег з хаты.

Вайна. Бацька надзеў на галаву шапку і таксама ляпнуў дзвярыма.

Што такое вайна, я ведаю. Вайна — гэта калі бацьку прыносяць з сельсавета павестку, каб ён хуценька збіраўся ў нейкі там ваенкамат. Тут маці пачынае плакаць і збіраць торбу. Бабуля таксама ходзіць па хаце з кута ў кут і гаворыць, што якой толькі пошасці на чалавека не прыдумаюць. I ў мяне шкрабаюць на душы кошкі, але я трымаюся, стараюся, каб не заплакаць. Я мужчына.

Як я памятаю, ён адзін раз ужо хадзіў ваяваць. Пайшоў летам, а вярнуўся аж вясной. Гасцінец прынёс: чырвонаармейскую шапку, папругу і абмоткі. У шапцы з чырвонай зоркай красаваўся я, папругай ён сам падпяразваўся, а абмоткі аддаў маці. 3 іх добрыя супонькі выйшлі. Маці насіла на базар малако, гародніну і ўсё хваліла тыя абмоткі: трывалыя, мяккія, плячо не рэжуць.

Дні праз два ці тры пасля таго, як Буслік паладзіў радыё, бацька зноў атрымаў павестку. Цяпер у нас поўная хата радні і суседзяў. Першым прыйшоў дзед Мікалай — бацькаў дзядзька. У яго вялікія будзёнаўскія вусы і сівая галава. Здаецца, ён толькі што прыехаў з млына і не паспеў абцерушыць мучны пыл з валасоў. Дзед прывітаўся, сеў на лаўку і сказаў:

— Ну вось... дажыліся, ліха яго бацьку няхай.

Затым прыкульгаў наш сусед Захар Маляўка. Некалькі год назад яму бервяном у лесе пераламала нагу. 3 таго часу, наступаючы на яе, ён неяк смешна падскаквае. Мабыць, таму і мянушка за ім замацавалася — Скок. Спытай у людзей, дзе Захар Маляўка жыве, дык некаторыя плячыма паціснуць і пачнуць успамінаць, хто ж гэта такі. А скажы Скок — адразу пакажуць.

Дзядзька Захар жвава пераскочыў цераз парог, паставіў свой кіёк ля парога і, прызітаўшыся, спытаў:

— А мой жа ты татка, дык што ж гэта яно будзе?

Што яно будзе, яму ніхто не сказаў. Усе прамаўчалі.