Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 89
Iван Kiрэевiч Сяркоў
Мікола доўга слухаў моўчкі, усё грыз сваю саломіну, а потым заўважыў:
— Ну і дурань ты. Трэба было адразу браць і ў сенцы.
Тут нечакана ўвязаўся ў гаворку дзед. Ён непрыкметна перасеў на месца Лебяды.
— Эге-е,— заківаў дзед барадой,— справа твая, хлопец, неважнецкая. Толькі ты слухай сюды — нікога больш не ўблытвай. Калі ўзяўся вінаваціць вераб'ёў, на тым і стой...
Тут загрымелі цяжкой клямкай дзверы, завішчалі завесы, і на цэментаваную падлогу мяшком зваліўся акрываўлены Лебяда.
— Аляксандр Макавей, выходзь...
Спачатку Санька і не ўцяміў, што гэта маюць на ўвазе яго. Ён нават аглянуўся навокал, хто там яшчэ з такім жа, як у яго, прозвішчам. Але ніхто не варушыўся.
— Макавей!
I Санька пайшоў, пераступіў цераз крывавую лужыну, што расцяклася з-пад аднарукага, і нейкімі чужымі, драўлянымі нагамі стаў падымацца па каменных прыступках.
I вось перад ім сядзіць пажылы, гладка паголены, наадэкалонены афіцэр. Вочы добрыя, спагадлівыя, не такія, як у таго з тоўстым каркам. Ён з ласкавым папрокам ківае галавой, быццам хоча сказаць: хлопец, хлопец, як мне цябе шкада. Афіцэр хоць і кепска, але гаворыць па-руску:
— Как тэбя зваць, мальшык?
— Санька.
— Санька іст Александр? Карошы мальшык. У меня свой сін ест дома, такой, какой ты. Зваць Петэр, значыць — Пеця, Пеця.
Паведаміўшы пра свайго сына, немец змоўк, цяжка ўздыхнуў і закурыў цыгарэту. Санька, насупіўшыся, разглядае вышытага на яго мундзіры арла.
«Хітры,— думае ён пра афіцэра.— Кось-кось — і за грыву».
Афіцэр пускае тонкія струменьчыкі дыму і расказвае, як ён вельмі любіць «рускі мальшык», як ён іх шкадуе. Iм, бедным, вайна перашкодзіла вучыцца, многія з іх сіроты, бо бацькоў сілай пагналі на вайну. Санька — хлопчык разумны, і ён, зразумела, раскажа, хто навучыў яго ўкрасці пісталет і сумку. За гэта яму дадуць многа вельмі смачных цукерак і пакатаюць на машыне.
Саньку прыпамятавалася, як яго везлі сюды пад аўтаматам. Пакаталі ўжо — хопіць з яго, здаволіўся.
Яму падораць самы сапраўдны пісталет, калі ўжо ён гэтага хоча.
— Ты хацел такой пістоль? — спытаў немец і паклаў на стол зброю.— Пiстоль будет твой...
Людзі, якія вучаць красці «рускі мальшык» нямецкія сумкі з картамі і пісталеты,— вельмі дрэнныя людзі. Яны самі баяцца гэта рабіць і пасылаюць «бедны мальшык» на смерць. Але Саньку нічога не будзе. Пакараюць толькі таго, хто яго навучыў. Немцам, якія білі яго там, пад вокнамі ў бульбе, таксама здорава пападзе, таму што «некарашо абідзіт бедны мальшык».
— Ты будзеш гаварыт, затшэм брал пістоль?
Санька моўчкі кіўнуў у знак згоды галавой.
— Затшэм?
— Вераб'ёў страляць,— прызнаўся Санька.
— А сумку?
— Так. Хацеў у яе што-небудзь класці. Яна прыгожая.
Не, афіцэр нічым не зможа «памагайт», калі Санька будзе такім неразумным. Яго будуць біць, яго могуць расстраляць. Яны хочуць пакараць толькі тых нядобрых людзей, што вучаць красці. Красці непрыгожа і сорамна.
— Вераб'ёў страляць,— стаіць на сваім Санька.
Моцны ўдар па твары зваліў яго на падлогу. У вачах замітусіліся сінія, ружовыя, жоўтыя агеньчыкі, закружыліся столь, лямпа і афіцэр разам са сталом.