Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 87

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Вось саплякі! — прасіпеў нехта з мужчын прастуджаным голасам.

— Рус! Рус! — пагрозліва абазваўся за варотамі немец.

Апоўначы, калі ўсе, здаецца, заснулі, мы зноў узяліся за страху. На гэты раз прыцягнулі барану і асцярожна, каб не стукнуць, прысланілі яе зубцамі да сцяны. Зноў пасыпалася на галаву пацяруха.

— Ты перавясла шукай! — падае парады Максім, прытрымліваючы мяне знізу. Цяпер я дзейнічаю дзвюма рукамі, і справа падаецца лепш. Як толькі выцягнулася першая жменька саломы, другая пайшла лягчэй. Шмаргану адзін раз і замру. Слухаем, ці далека немец. Далека — яшчэ раз. Блізка — чакаем, пакуль зойдзе за вугал.

Так-сяк удалося прадраць невялікую дзірку. Дачакаўшыся, калі вартавы адышоў ад варот, я ўчапіўся за жардзіну і падцягнуўся колькі мог на руках, боўтаю ў паветры нагамі, хачу дастаць сцяну, каб адпіхнуцца. Добра, што знізу падсадзіў Максім.

Ноч дыхнула мне ў твар першым марозцам. Страха ўзялася інеем. Думаць няма калі. Знізу падштурхоўвае Максім:

— Давай...

I я, затаіўшы дыхание, сігануў у невядомую і страшную цемру. Або пан, або прапаў.

Падхапіўшыся на ногі, я пабег уздоўж агародаў, потым пералез цераз адзін штыкетнік, цераз другі, абадраў рукі аб калючы дрот. Сабакі ўзнялі страшэнны гармідар. Спачатку гаўкнуў у бліжэйшым двары, яму адазваўся на суседняй вуліцы, і пачалася пераклічка на розиыя галасы. Ногі самі вынеслі мяне за вёску. Я мяшком скаціўся з тары і пашыбаваў, не выбіраючы дарогі, у хмызнякі, па балоце, па купінах, па калючай асацэ.

Дзесьці за спіной грымнуў стрэл, затым другі. У начной цішыні яны гулка пракаціліся па лузе да самага лесу і адтуль рэхам вярнуліся назад.

— Па Максіму,— здагадаўся я і яшчэ больш паддаў ходу. Чаўкае пад нагамі вада, усё глыбей і глыбей топяцца купіны, а далей і зусім не прайсці. Давялося бегчы ў абход.

34. Санька вiнавацiць вераб'ёў

Саньку забралі са склепа яшчэ ноччу, кінулі ў машыну і кудысьці павезлі. Куды, ён не ведаў. Думаў, што на расстрэл.

I вось ужо другія суткі Санька сядзіць у цёмным падвале. Ад школьнага склепа ён адрозніваецца толькі тым, што пад самай столлю тут ёсць невялікае акенца. За бруднай шыбай хістаецца ад ветру тоненькая, яшчэ зялёная былінка і раз-пораз праходзяць то ў адзін бок, то ў другі салдацкія боты.

У падвале не так страшна, як у склепе, не так лезуць у галаву чорныя думкі. Тут многа людзей, і гэта супакойвае.

Побач з Санькам сядзіць на цэментаванай падлозе, прыхіліўшыся да цаглянай сцяны, аднарукі дзядзька, зарослы да самых вачэй чорнай шчацінай. Ён звесіў галаву на грудзі і, здаецца, спіць. 3 другога боку ляжыць дагары, падклаўшы рукі пад патыліцу, яшчэ зусім малады хлопец. А далей — шапкі, картузы, хусткі, дзіравыя боты, старыя, падвязаныя вяроўкай галёшы і нават лапці. Лапці належаць старому з шырокай, як лапата-хлебніца, барадой. Яна закрывав яму грудзі амаль да пояса. Стары ні на каго не глядзіць. Ён увесь час пазірае на свой дзіравы лапаць і вялізнымі, вузлаватымі пальцамі спрабуе запхнуць у дзірку брудную анучу.