Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 88
Iван Kiрэевiч Сяркоў
Непадалёку ад яго — дзве дзяўчынкі. Яны прыціснуліся адна да адной і спалохана ўздрыгваюць, як толькі што ляпне за дзвярыма. Адна з іх ужо амаль дарослая, а другая — зусім горкае дзіця. Тварык дробненькі, абсыпаны вяснушкамі, нібы вераб'інае яечка.
Гэта толькі здаецца, што аднарукі спіць. Калі Санька прымасціўся побач, ён расплюшчыў вочы, пільна глянуў на свайго новага суседа і, нібы даўняга знаёмага, спытаў:
— А цябе за што?
Спытаў так, быццам Санька і не чалавек, быццам ён не можа нарабіць немцам шкоды. Расказваць неахвота. Санька толькі ўздыхнуў і адвярнуўся.
— Не хочаш — не гавары,— не пакрыўдзіўся сусед і зноў заплюшчыў вочы.
Паветра ў падвале густое і вільготнае, пахне анучамі, сырой адзежай і потам. Ад усяго гэтага кружыцца галава. Як скрозь сон даносяцца крокі з-за бруднага, акенца, бразгае замок на дзвярах, вішчаць, аж мароз ідзе па скуры, іржавыя завесы.
— Кандраценка, выходзь!
3 кутка падняўся дзядзька ў прамасленым, зашмальцаваным летніку і пачаў пераступаць цераз галовы, цераз ногі, цераз клункі. Завішчалі завесы, і дзверы праглынулі няскладную постаць Кандраценкі.
Санька спіць і не спіць. То яму здаецца, што ляжыць ён у Плёсах каля свайго будана, то паўстае перад вачыма тоўсты карак фашыста, складзены гармонікам над каўняром.
«Яны знайшлі ў бульбе пісталет,— узнікла ў Санькі здагадка,— і пільнавалі, калі я прыйду...»
Аднекуль з-пад столі зноў рыпіць той жа голас:
— Іван Лебяда, выходзь...
На гэты раз падняўся Санькаў аднарукі сусед. Ён не спяшаючыся, па-гаспадарску абцерушыў прыліплыя да вайсковых пацёртых штаноў саломіны і пайшоу. На парозе павярнуўся і сказаў:
— Бывайце на ўсякі выпадак...
Яму паспеў адказаць толькі шырокабароды дзед:
— Бывай, сынок...
I дзверы праглынулі Лебяду.
Саньку стала страшна. Што ён будзе рабіць, калі паклічуць і яго? Што з ім зробяць? Меншая дзяўчына пачала хліпаць.
— Наташа, мне страшна,— прашаптала яна.
Другі Санькаў сусед, кірпаты хлопец, які да гэтага моўчкі грыз саломіну, з неадабрэннем глянуў на дзяўчат і, звяртаючыся да Санькі, сказаў:
— Абы сырасць разводзіць. Дзеўкі і ёсць дзеўкі. Вочы на мокрым месцы. Мяне не за такое ўзялі і то...
Яны разгаварыліся. Хлопца завуць Міколам. Ён з Чыстых Луж. Затрымалі яго з савецкімі лістоўкамі.
— Пасвіў я ў лесе карову,— шэпча кірпаты,— і вось пайшоў дамоў узяць хлеба, а па дарозе назбіраў лістовак. Іх там цэлымі жмутамі самалёт накідаў.
— А што пішуць?
— Пішуць, што блізка, што пад Курскам сагнулі немцаў у дугу. Ну, ды я ўсяго не памятаю. Словам, з гэтымі лістоўкамі мяне і сцапалі. Партызан, кажуць. А я ім: не, пан, паперу на раскурку ўзяў...
3 гэтым хлопцам спакайней. Ва ўсіх яго словах, рухах, паводзінах ёсць упэўненасць і вера, што ўсё абыдзецца, усё будзе добра.
— Я дык уцяку,— не сумняваецца Мікола.— Дзякуй богу, не першы раз.
— А як? — узняўся на локаць Санька.
— Там будзе відаць...
3 пятага на дзесятае расказаў сваю гісторыю і Санька, як ён украў зброю і сумку, як яго схапілі, як білі і пыталіся — навошта.
— Я сказаў, што вераб'ёў страляць...