Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 90
Iван Kiрэевiч Сяркоў
— Вераб'ёў? — пытае немец.
— Вераб'ёў,— хныкае Санька.
Яго біў здаравенны салдат, біў цяжкімі валасатымі кулакамі, біў папругай, біў ботамі. Потым, калі страціў прытомнасць, аблілі з вядра вадой. Мокрага, акрываўленага Саньку паднялі пад пахі і зноў пасадзілі на ўслон перад сталом.
Санька баяўся крыві. Ен не мог глядзець, як хлопцы б'юць каменнем жаб, ён уцякаў у белы свет, калі бацька рэзаў свінню. А тут чамусьці абыякава зірнуў на свае чырвоныя пальцы і апусціў галаву. Па лбе з галавы пацёк цёплы струменьчык, заліў вочы. Санька працёр іх рукавом і глянуў на афіцэра, як скрозь каляровае шкельца. Афіцэр ружовы, салдат ружовы, лямпа над галавой ружовая.
Ён, здаецца, аглух.
У галаве бомкаюць нейкія званы. Быццам дзесьці за сцяной крычыць афіцэр. Што ён крычыць — не чуваць, але і так вядома. Яму хочацца ведаць, навошта ўзяў Санька пісталет.
— Вераб'ёў страляць.
Яго прывалаклі ў падвал ледзь жывога, таксама, як і Лебяду, штурхнулі за дзверы.
— Вераб'ёў страляць,— сказаў Санька шырокабародаму дзеду, які падхапіў яго на рукі, і страціў прытомнасць.
35. Я ўступаю у Марынiна
Усю ноч я пракалаціўся на беразе ракі ў лазе. Раніцой, убачыўшы трох жанчын з кашолкамі, вылез з куста і пашыбаваў следам. Разлік быў просты — жанчыны, відаць, ідуць у мястэчка, што раскінулася на тым беразе. Калі іх будзе перапраўляць на лодцы перавозчык, залезу ў лодку і я.
Так яно і выйшла. Пераехаўшы раку, жанчыны сталі разлічвацца, а я саскочыў проста ў ваду і пабег, бо плаціць не было чым.
— А хіба гэта не твой, Хрысціна? — здзівіўся перавозчык, з плаксівым тварам дзядзька, і пачаў лаяцца мне ўслед. Дужа я цяпер яго баюся. Няхай паспрабуе дагнаць. Цяпер мне сам чорт не брат. Выбраўшыся на пясчаны, разбіты машынамі і фурманкамі пілях, я падаўся ў бок лесу. Каб зноў не наткнуцца на немцаў, трымаюся бліжэй да сасонніку.
Скупое сонца крыху нагрэла дарожны пясок, толькі ў цяньку пад кустамі яшчэ бялее іней. Казычуць у носе грыбныя пахі, блінамі паразлягаліся старыя маслякі. Падняў адзін, другі — патачылі чарвякі.
I раптам дарогу мне перагарадзіў павалены тэлеграфны слуп. Пень ад слупа ў мой рост. Ён ашчэрыўся вострымі шчэпкамі. Нейкая невядомая сіла разарвала бервяно на дзве часткі. Падыходжу да другога слупа, і гэты на баку. Таксама раструшчаны, як і першы. Валяюцца на дарозе парваныя, пераблытаныя правады. I трэці і чацвёрты. Ды што ж гэта такое? Не вецер жа іх лаламаў. Радасна ёкнула сэрца — партызаны. Гэтаму быў сведкай і мост цераз невялікую рэчку з непраходнымі забалочанымі берагамі, дакладней кажучы, тое, што засталося ад моста. А засталіся ад яго толькі чорныя галавешкі, якія тырчалі з тарфяной вады.
У вёску Марыніна, якая прытулілася на краі сасновага бору, я ўвайшоў у баявым, прыўзнятым настроі, як уваходзяць вызваліцелі ў сталіцы. Гэта быў не проста я, а перадавы атрад... Праўда, у мяне не было сцяга, і ніхто не вынес мне хлеба-солі. Кішкі ігралі марш. Свіння з двума рабымі парсюкамі, не падазраючы, хто ідзе, разляглася на дарозе. Я даў аднаму парсюку босай нагой выспятка, той завішчаў і адскочыў убок. Жанчына, якая брала ў калодзежы ваду, з цікаўнасцю правяла мяне позіркам, але нічога не сказала.