Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 91

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Меркавалася прайсці вёску без прывалу, хацелася хутчэй у лес — там партызаны. Але каля сельуправы давялося спыніцца. Да вайны тут, напэўна, было праўленне калгаса. У сельуправе ніводнага акна, дзверы, знятыя з завесаў, валяюцца каля ганка. Па дарозе вецер ганяе паперкі з нямецкімі арламі і пячаткамі, На калодах, зваленых супраць управы, сядзіць мясцовы жыхар і старанна калупае ў носе. Яму год шэсць, як і Глыжку.

— Хто гэта так раскалашмаціў? — пытаюся я ў яго.

Мясцовы жыхар глядзіць на мяне шэрымі цікаўнымі вачыма, выцірае рукавом нос і толькі сапе.

— Можа,ты не ведаеш?

Хлапчука гэта закранула.

— Ага ж, не ведаю,— пакрыўдзіўся ён.— Партызаны. Яны ноччу стралялі.

«Калі так,— думаю,— з гэтай вёскі я не пайду. Яны тут недзе блізка. Дачакаюся. Вернуцца».

Мясцовага жыхара маці паклікала есці крупнік, а я застаўся на калодах. Сяджу, грэюся на сонцы, гляджу на лес, што стаіць сцяной за лужком, і глытаю сліну — з коміна бліжэйшай хаты даносіцца пах свежага хлеба.

Цэлы дзень я мазолю людзям вочы. Хто праходзіць міма — прыглядаецца: незнаемы хлапчук. Чаго ён тут?

Вось ужо і вечар надыходзіць, а партызанаў усё няма. Апускаюцца на зямлю халодныя прыцемкі, луг і лес ахутвае шэрая смуга. Дзесьці на краі вёскі баязліва абазваўся гармонік і адразу ж змоўк. Да калодзежа выйшла баба зачэрпаць нанач вады, і стары журавель рыпіць, нібы скардзіцца на сваю немач. У суседнім двары мужык сварыцца на каня:

— Куды ты, воўчае мяса!

Конь узлез на нейкія жэрдкі і грукоча капытамі на ўсю вуліцу.

Вёска кладзецца спаць. А партызанаў усё няма. Трэба ісці насустрач.

Стары сасновы бор сустрэў мяне трывожным шумам верхавін. У нерашучасці я пастаяў крыху на паляне і нясмела падаўся па прасецы ў глыбіню. З дарогі не сыходжу, можна заблудзіцца.

Гучна патрэскваюць пад нагамі сухія галінкі, ад нечаканасщ я кожны раз уздрыгваю і потым падоўгу прыслухоўваюся. Начны лес поўны таямнічых гукаў. Крэкча старая сухастоіна. Вось штосьці піснула ў кустах, зашамацела па сушняку, і ў мяне мурашкі пабеглі па спіне.

Я пільна ўглядаюся ў цемрадзь, хачу ўбачыць партызанскія вогнішчы, лаўлю вухам кожны гук, кожны шолах, хачу пачуць грозны вокліч: «Стой! Хто ідзе?». Але не відаць агнёў, не чуваць партызанскага вартавога. Бясконца шумяць над галавой сосны, заблудзіўся ў маладым бярэзніку бесклапотны вецер, і раптам... Не, гэта мне не здалося. Было добра чуваць, як трэснула. Дзесьці ўбаку. Я аслупянеў. Хвіліна, другая. Вось зноў. Толькі ўжо ў другім баку. Мне стала страшна. Хтосьці ходзіць вакол мяне, сочыць за кожным маім крокам. Хто ён? Можа, чалавек, а можа, і воўк.

Я вярнуўся назад і за марынінскімі агародамі зашыўся пад стог. I сніцца мне Санька. Ён быццам бы прыйшоў да нас у госці. На ім шапка-будзёнаўка і чырвонаармейскі шынель. На баку пісталет, украдзены ў немца. Бабуля з гэтага выпадку пячэ пампушкі. Не тыя чорныя і цяжкія, нібы глей, з дранай бульбы і прымессю саматужнай непрасяванай ячменнай мукі, якія бабуля чамусьці называв «лапонікамі», а сапраўдныя, учыненыя на добрай рошчыне з пшанічнай мукі. Яна кідае пампушкі ў рэшата, а мы крадком хапаем іх з Санькам і ядзім. Толькі па адной праглынулі, аж глядзь — пампушкі пячэ не бабуля, а Няўмыка.