Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 86
Iван Kiрэевiч Сяркоў
Вечарам нас прыгналі ў Старую Рудню. Насустрач па дарозе праехалі два грузавікі, гружаныя бярвеннем. Бярвенне не новае, пачарнелае ад дажджоў і вятроў, на ім папрыліпаў спрасаваны мох.
Дзядок дыбае побач са мной і ўздыхае:
— Вось разбураюць хаты, закапваюць у зямлю. Відаць, зімаваць збіраюцца.
На ўскраіне сяла, каля гумна, нас спынілі. Мясцовым загадалі выйсці заутра на работу і адпусцілі па хатах. А такіх, як я, злоўленых на розных дарогах, загналі ў гумно. Мае спробы даказаць, што я таксама стараруднянскі, скончыліся дрэнна: зарабіў ад аднаго з веласіпедыстаў выспятка. Навучыліся, чэрці, як коні брыкаюцца.
Нас у гумне чалавек дваццаць: бабы, дзяўчаты, гаваркі дзядок і некалькі хлопцаў. Людзі, стомленыя за дзень цяжкай працай, моўчкі пападалі, хто дзе стаяў. Толькі дзядок, падсцілаючы пад бок салому, уздыхнуў:
— Во, кажу, трапіў у нерат — ні ўзад ні ўперад. Трэці дзень ужо раблю чорту лысаму.
Але ніхто размовы не падтрымаў, і дзядок пакрыўджана змоўк. Кожны думае пра сваё. Пра сваё думаю і я. Затрымлівацца на гэтых акопах мне няма разліку. Трэба неяк уцякаць, а як ты ўцячэш, калі вароты закручаныя дротам і адзін з тых веласіпедыстаў непадалёку рыпае на губным гармоніку.
— Эх, варона ты, варона!
Мармыча нешта скрозь сон рыжая дзяўчына, пасвіствае побач са мной носам, падклаўшы пад галаву кулёк саломы, Максім, толькі мне не спіцца і не ляжыцца. Акраец хлеба, што захапіў з дому, я з'еў яшчэ на лузе, на баланду, якую даюць немцы на акопах, спазніўся, пазнавата мяне прыгналі, і цяпер страшэнна хочацца есці.
Густыя прыцемкі ахуталі зямлю. У гумне і зусім нічога не відаць. Асцярожна, каб не наступіць на каго-небудзь, я прабіраюся ў дальні куток, стараюся ў шчыліны паміж бярвеннямі разгледзець, што робіцца на вуліцы. Нічога не відаць.
Нечакана наткнуўся на штосьці вострае. Абмацаў рукамі — жалезны зубец, пад нагамі валяецца драўляная барана. Пачаў абыходзіць — спатыкнуўся і паляцеў на голы гліняны ток.
— Ціха ты, абармот! — злосна зашыпеў над самым маім вухам хтосьці з цемры, а потым паклікаў да сябе:
— Ідзі сюды. Толькі глядзі, тут нейкае ламачча... Аказваецца, і Максім не спіць, шныпарыць па гумне.
— Можна падкоп зрабіць, ды доўгая песня,— шэпча ён.— Давай лепш страху драць. Мінулай ноччу я спрабаваў — аднаму нязручна. I галоўнае — ціха. Баба тут адна ёсць. Дужа баіцца смерці. Пачуе — лямант узніме.
Максім выгнуў дугой спіну, упёрся рукамі ў сцяну і скамандаваў:
— Лезь...
Стаяць на Максімавых плячах вельмі нязручна. Яны хістаюцца ўвесь час, нібы купіна пад нагамі на зыбкім балоце. Таму скубці салому даводзіцца адной рукой, а другой — трымацца за пераплёціну. Страха зроблена па-гаспадарску, пакрыта, як кажуць, пад грабёнку, трывала ўвязана. Пацягнуў раз, пацягнуў другі — пасыпалася пацяруха, запарушыла вочы. А тут яшчэ Максім пахіснуўся, знікла пад нагамі апора, хруснула пад рукой спарахнелая жардзіна, і я загрымеў на ток. У цемры трэснуўся аб нешта цвёрдае патыліцай, аж войкнуў.
— А божачка ж ты мой! — залямантавала баба.— Ды нас жа пазабіваюць і спаляць праз гэтых хлопцаў... Заварушылася на саломе яшчэ некалькі чалавек.