Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 6

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— А цябе гэта куды нясе, нячысцік? — закрычала яна на ўсё поле.

— Баб, страляць! — не разгубіўся я.

Ну і разышлася ж яна: і маці дома хворая, і курэй з проса сагнаць няма каму, і кабанчыка паглядзець, ці не залез у чужы агарод, таксама няма каму. А я толькі і думаю, як аббегчы ўвесь свет ды біць лынды. Вось вярнуся дамоў, дык бацька мне настраляе.

Што яна там яшчэ пад жаночы смех і жарты крычала мне ўслед, я не чуў. Мы былі ўжо далёка і спявалі новую песню:

Эй, по дороге, Эй, по дороге, По дороге войско красное йдет!

3. У новай школе

Мой бацька — цясляр, і таму ў нас у сенцах на паліцы процьма, як кажа бабка, рознага жалязячча: стамескі, долаты, рубанкі, фуганкі, стругі крывыя і прамыя, малаткі вялікія і малыя. А сякер дык ажно тры, не лічачы калуна. Сякеры ў бацькі розныя: адной кожны дзень сякуць дровы, другой бацька чэша на будоўлях бярвенне, а трэцяя самая важная. Ею робяць толькі тонкую работу: яна вострая, як агонь. Апошнюю сякеру бацька любіць больш за ўсё і, пасля таго як мы з Санькам перасеклі на ёй пару цвікоў, хавае ад мяне.

Кожную раніцу са скрынкай, у якой ляжаць інструменты і цвікі, бацька ідзе ў новую школу. Там ужо заканчваюць ставіць рамы і навешваюць дзверы.

Вечарам, калі бацька прыходзіць дахаты, я, пакуль маці збірае вячэру, паліваю яму на рукі. Прыземісты, каржакаваты, ён пахне свежымі сасковымі стружкамі. Густы, даўно не стрыжаны чуб і чорныя калматыя бровы прыпудраны пілавіннем. Бацька фыркае, як морж, і пырскі дажджом разлятаюцца ва ўсе бакі. Звычайна пры гэтым мы размаўляем.

— Ну, брат, і школа будзе,— гаворыць бацька.— Сам бы пайшоў вучыцца, ды, мабыць, гадоў багата...

— А страшна ўверсе? — цікаўлюся я.

— Што ты! — I ў яго вачах загараюцца хітрыя іскаркі.— Галава кругам ідзе. Сёння я залез на вільчык, дык Стараселле відаць. Між іншым, дзеда Кулагу бачыў. Ен мне рукой махаў: няхай, маўляў, унук у госці прыйдзе, грушы паспелі.

Вось так заўсёды: з ім сур'ёзна, а яму — жартачкі. Калі яшчэ тыя грушы будуць, а ён — паспелі. Але праверыць, відаць ці не відаць са школы Стараселле, усё ж не шкодзіць.

3 такой думкай я і Санька пайшлі на будоўлю. Сёння якраз нядзеля і, апрача вартаўніка, старога, глухаватага Міхея, тут нікога няма. Ды і Міхей, прымасціўшыся пад штабелем дошак, соладка сапе ў цяньку.

Двухпавярховая школа нам здалася сапраўды вельмі высокай. Санька прыкінуў, што калі ўзяць іхнюю хату ды зверху паставіць нашу, а потым і хлеў, дык усё роўна да вільчыка не дастанеш, хіба толькі на хлеў зацягнуць яшчэ і сенцы — тады іншая справа. Разважаючы так, мы выбраліся на чарапічны дах і змоўклі ад здзіўлення. Адсюль усе нашы Падлюбічы відаць як на далоні. Куды ні паглядзіш — усюды густыя, кучаравыя вербы, з-за якіх амаль не відаць саламяных стрэх, і сады, сады. А ў іх яблыкі, грушы, кусты парэчак і агрэсту, непралазныя чашчобы маліны ўздоўж межаў, якія раздзяляюць адзін агарод ад другога.

Усё нам зверху відаць. Паглядзіш туды, дзе раніцой узыходзіць сонца, і перад табой неабсяжныя прасторы лугоў, зараснікі вербалозу і алешніку, бліскучыя шкельцы азёраў і рачулак. Шчыльным парканам за лугамі сінее сасновы бор. Адсюль да яго, здаецца, рукой падаць, хоць ісці трэба кіламетраў шэсць.