Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 75

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Афіцэр стукае абцасамі, стараючыся сагрэць ногі, трэ пальчаткамі збялелыя вушы і не звяртае ўвагі на маё хныканне:

— Пан, пі-іць!

Я глытаю сліну, стараюся зрабіць выгляд, што мяне зусім замучыла смага. А ён, доўбня глухая, нават вухам не вядзе, скача ад холаду, і ўсё.

Шпару на-нямецку:

— Пан, васэр, баба боршч перасаліла!

Немец падазрона глянуў у мой бок і чорнай пальчаткай паказаў на неба, адкуль сыпаўся мяккі снег.

— Эс іст кальт!

— Няважна, мне не холадна,— махаю яму рукавоы і зноў за сваё: — Пi-іць, пі-іць.

Нарэшце ён не вытрымаў, палез у кішэню і дастаў адтуль штосьці закручанае ў бліскучую паперку. Разгарнуў — карычневая плітка, разлінееная на клеткі. Адламаў дзве, паглядзеў на мяне, вырашыў, мабыць, што не здужаю з'есці, спалавініў. Адну сабе кінуў у рот, другую мне працягнуў. Падкупляе, гад. Я хацеў не браць — патрэбен мне фашысцкі пачастунак, а потым пайшоў на хітрасць, узяў. Няхай думае, што я нічога не маю супраць, магу і дарогу паказаць, а піць мне хочацца проста так, пасля салёнага.

— Гут? — спытаў немец.

— Гут,— кіўнуў я галавой, хоць добра і не рассмакаваў, горкі ён ці салодкі, той іх «шыкалад».

Ён зноў заскакаў на снезе, а я зноў зацягнуў сваю песню: пі-іць.

Немца ўзяла злосць.

— Ком! — гыркнуў ён і так тузануў за плячо, што я ледзь носам снег не ўзараў.

Я хітры, а ён хітрэйшы. Сам павёў паіць мяне ў бліжэйшую хату. Прыцішыліся спалоханыя гаспадары, стаіць над маёй душой немец, а я над вядром жлукчу праз сілу з меднага карца ваду. Не хачу, а п'ю, каб нічога не падумаў.

Ну, цяпер капцы. Цяпер ты, хлопец, не адкруцішся і ці вернешся дамоў — невядома. Звязуць куды-небудзь, як звезлі ўжо аднаго хлапчука ўласаўцы, або прыстрэляць, чаго добрага. Ад такіх думак стала моташна на душы, і я зусім нос павесіў.

Калі з-за павароту на шашы паказаліся машыны, мой немец занепакоіўся. Ен нешта крыкнуў шафёру, паправіў на шынялі папругу і пачаў нервова то нацягваць, то сцягваць пальчаткі. Цыгарэту, якая да гэтага куродыміла пад яго дзюбатым носам, выплюнуў у снег і затаптаў.

3 пярэдняй, легкавой машыны, за якой ішлі крытыя брызентам грузавікі, вылез начальнік не ніжэй, мабыць, генерала. На плячах плеценыя сярэбраныя патоны і ў пятліцы шыняля чырвоная стужка.

Дзюбаты сарваўся з месца, пабег насустрач генералу і, прыклаўшы руку да картуза, выцягнуўся тэлеграфным слупам. Генерал дробненькі, сухі, як шчэпка, але злосны і сварлівы. Ён чамусьці крычыць на дзюбатата, а той нясмела і паслухмяяа бубніць адно і тое ж:

— Яволь... Яволь...

Афіцэру зараз не да мяне, а генерал на мяне нават і не глядзіць.

Я адышоў да паркана. Спыняць, скажу, што ў зацішак ад ветру хачу стаць. Азірнуўся — ніхто не спыняе. Афiцэр стаіць да мяке спіной і паказвае начальству карту. Я шмыгнуў у варотцы, у двары сігануў цераз плот, па кустах парэчак, засыпаных снегам, выбег да раўчака, скаціўся кулём з гары, падхапіў на хаду шапку, якая звалілася з галавы, і пусціўся куды вочы глядзяць.