Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 73

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Глуха на печы. Рэдка калі рыпнуць дзверы і з марозным воблакам загляне ў хату навіна. То Чмышыха-манашка прыйдзе пазычыць вугалькоў, каб у печы распаліць, то дзед Мірон загляне даведацца, як мы тут жывём.

У Чмышыхі адны навіны.

— Госпадзі! — закатвае манашка вочы.— Гэта ж трэба! Вакол усё разбілі, а стаяла капліца са святымі абразамі, і нават пясчынка не звалілася, лампадка як гарэла, так і гарыць. Бог не дапусціў.

У дзеда Мірона навіны другія.

— Учора ўсю Сартыровачную перааралі. Ты паглядзела б, Матрона, як чыгунныя рэйкі пакруціла, аж У вузлы пазавязвала. Во сіла. А поезд з білізінам гарэў — глядзець страшна. Узяліся, відаць, нашы, акрыялі. Мо, дасць бог, і дачакаемся...

I пад калматымі бровамі заіскрацца вочы, пацяплее позірк. А потым памаўчыць і ўздыхне:

— Дзе ж гэта мой Васіль? Сны пра яго дрэнныя Гапа бачыць.

Бацькі майго таксама не чуваць.

Нашы цяпер прылятаюць кожную ноч. Павесяць над горадам ліхтары — і снег аж вочы слепіць. Вохкаюць у цемры разрывы снарадаў, глуха стогне зямля.

Фашысты задумалі нашых абхітрыць. На беразе возера за вёскай яны наставілі факерных самалётаў, нарабілі з жалезных бочак карыт і паляць у іх у час бамбёжкі мазут. Гэта для таго, каб нашы падумалі, што тут аэрадром, і кідалі бомбы. Так нашых і абдурыш. Яны і глядзець не хочуць на гэты «аэрадром».

Затое на гарадзішча адну бомбу скінулі. Там стаяў нямецкі пражэктар. Пражэктар не свяціў дні тры, а потым і зусім на іншае месца пераехаў.

Калі на дварэ адлёг мароз, мы пабеглі глядзець ямку. Вось гэта яміна! Не тое што была на Скокавым агародзе ад нямецкай бомбы. Сюды ўжо сапраўды цэлая хата ўлезе.

— Добрая галушка! — з гонарам за савецкую бомбу сказаў Санька. А Міцька дык той зусім у гэтай справе знаўца.

— Фугаска,— даў ён свае тлумачэнні.— Асколашная такую яму не выкапае...

Неяк Міцьку падваліла шчасце. За агародамі ў балоце ён знайшоў зусім цэлую ракету, тую, што вешаюць самалёты. Труба вялікая, пакрэкчаш, пакуль на плечы падымеш. Парашут з шаўковага палатна Міцька забраў сабе, а нам, як добрым таварышам, дазволіў накалупаць па поўнай кішэні таго, што гарыць.

Але яно не толькі гарыць, яно і страляе. Возьмеш кавалачак з гарошыну, пакладзеш на абух і малатком як гакнеш — быццам з ружжа. Цяпер у многіх дварак, дзе ёсць такія стралкі, як мы, толькі і чуваць:

— Бах! Бабах!

Аднойчы мая бабуля нам з Санькам ледзь вушы не паабрывала за гэтыя штучкі. Яка апасаецца, што вочы павысмальвае. I што ты ёй скажаш? Каб ужо ў вайсковай справе разбіралася хоць з камарыную дзюбку, дык не крыўдка было б слухаць.

А сёння нам воля. Яна пайшла да дзеда Мікалая, захапіўшы торбачку ячменю. У старога ёсць уласны млын, зроблены з тоўстай сасновай калодкі і чыгунных чарапкоў. Раней я малоў, а цяпер бабуля мне не давярае: круцячы жорны, палавіну мукі ў рот жменькамі перакідаю.

Не паспелі за бабуляй ляпнуць варотцы, як у хаце пачалася страляніна. Мы ўваткнулі сякеру ў шчыліну на падлозе і давай гасіць малатком па абуху. Аж шыбы звіняць. Каб Глыжка нас бабулі не выдаў, мы і яму пару разоў далі пекануць, а потым паабяцалі даць яшчэ і загадалі глядзець у акно — можа, хто ісці будзе.