Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 76

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Дамоў не пайшоў. Зноў можа зайсці той фашыст. Тады не паздаровіцца. Я пайшоў да Санькі.

Мой прыяцель быў ужо дома.

— Ну што? — спытаў ён, саскакваючы з печы.

— Уцёк,— выдыхнуў я.

Санька высока ацаніў мой учынак. Ён сказаў, што я паўтарыў подзвіг Сусаніна.

Якога яшчэ там Сусаніна? Пра такога мне чуць не даводзілася. Пра Гастэлу яшчэ да прыходу немцаў радыё гаварыла, пра кулямётчыка Жукава таксама чулі, нават верш пра яго склалі:

Кулямётчык Жукаў, Ён фашыстаў стукаў.

А пра Сусаніна штосьці не чуваць было.

— Эх, ты! — з папрокам паківаў галавой Санька і выцягнуў з-за коміна кніжку, якую прынёс з раскіданай Няўмыкам школьнай бібліятэкі. Гэта быў падручнік гісторыі.

Аказваецца, і сапраўды жыў калісьці такі Сусанін, гадоў, можа, дзвесце, а то і трыста назад. Тады на Маскву ішлі палякі. Яны заблудзіліся і хацелі прымусіць аднаго селяніна, каб той паказаў ім дарогу. Селянін завёў іх у густы лес, у балота. Чужаніцы засеклі яго шаблямі, але і самі не знайшлі дарогі назад. Звалі таго селяніна Іванам Сусаніным.

Сапраўдныя героі — людзі сціплыя. Яны не любяць гучнай славы.

— Дык хіба ж мяне засеклі? — аднекваюся я.— I ў лес я іх не завёў. А што ўцёк, дык першы раз, ці што?

I тут я цыркнуў скрозь зубы. Хацелася, каб выйшла, як у Міцькі-Мангола, але сліна павісла на падбародку.

29. Размясцiўся ў Плёсах атрад

Ура — немцы капаюць акопы! I робіцца гэта, вядома, не так сабе. Ідуць нашы. Першым гэтую навіну прынёс у хату Няўмыка. Неяк раніцой ён прыйшоў у наш двор і забарабаніў сваёй гумавай палкай у шыбу.

— Эй, вы! Адзін чалавек на акопы!

Бабуля бразнула патэльняй і выбегла на ганак.

— Ды які з мяне капач, Аўдзеіч?

— Няхай хлопец ідзе! — буркнуў Няўмыка і падаўся ў другі двор.— Карміць будуць! — паабяцаў ён напаследак.

Я ім таксама не капач: прыкінуўся хворым і не пайшоў.

А ў хуткім часе пасля гэтага дня, як сказала мая бабуля зусім перавярнуўся свет. Немцы — туды, італьянцы — адтуль, аж дрыжыць шаша пад бясконцымі калонамі машын, падвод, гармат. Цяпер у вёсцы ўсе ведаюць, што набліжаецца фронт.

Немцы рыхтуюцца да абароны, рыхтуецца да баёў і мая бабуля. Перш-наперш мы з ёю зрабілі рамонт нашага бліндажа: новым ламаччам умацавалі накат, абставілі сцены снапамі саломы — не так будзе сыра і холадна.

Людзі пачалі капаць ямы і хаваць у іх збожжа. Гэта было зусім не лішнім: пшаніцу дык пшаніцу, ячмень дык ячмень — немцы бяруць, што трапіцца на вочы, і высыпаюць коням. Схавалі і мы з бабуляй свае запасы: два мяшкі закапалі пад падлогай у сенцах, адзін зацягнулі пад печ. Ну, думаем, цяпер іх і сам чорт не знойдзе.

Прыйшлі ўласаўцы. Іх бабуля не любіць больш за немцаў. I хоць я ёй сто разоў тлумачыў, што ўласаўцы — тыя ж белагвардзейцы, яна не можа зразумець, як гэта свае пайшлі на сваіх. У тым, што ўласаўцы «свае»,— галоўная бяда. Немец так добра нашых хованак не ведае, нашых хітрыкаў так не разумее, як свой чалавек, рускі. Яны прайшліся па двары з доўгім вострым шворнем, успаролі зямлю, заглянулі ў сенцы, і вось ужо іх коні мелюць нашу пшаніцу.

Калі ўласаўцы паехалі, бабуля са слязьмі падмяла рэшткі збожжа каля карыта, падабрала збожжа да апошняга зярнятка проста з зямлёй.