Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 74

Iван Kiрэевiч Сяркоў

I толькі гзта па разу ці дза смалянулі, Глыжка спалохана саскочыў з услона.

— Немеч!

Санька за свой «зарад» ды ў кішэню, а я і сякеры не паспеў схаваць, вельмі ты яе выцягнеш са шчыліны — па самы абух загналі.

Гэта быў высокі, сухарлявы афіцэр з дзюбатым тварам. Пераступіў парог і падазрона шохае паветра, уважліва разглядае мяне, Саньку і Глыжку.

Потым паляцелі са стала пустая глінякая салонка і драўляныя лыжкі. Немец змахнуў іх на падлогу чорнай скураной пальчаткай і разгарнуў карту. Ен доўга і ўважліва штосьці на ёй разглядае, мерае то бліскучым цыркулем, то лінейкай, а мы слупамі стаім каля печы, гатовыя кожную мінуту шмыгнуць за комін.

— Ком гэр! — ківае немец нам чорным пальцам, і мы нясмела падыходзім да стала і таксама ўтаропліваемся ў карту. Хваробу ты на ёй разбярэш: накручана-наверчана розных загагулін ды яшчэ па-нямецку падпісана.

— Падльюбітшы? — пытае фашыст.

Мы маўчым.

— Штаразеле? — тыцкае ён пальчаткай у карту.

Гэта ён пра Стараселле пытае. Знайшоў у каго пытаць. Так мы яму і скажам. Санька ўважліва разглядае карту і моршчыць лоб, усім сваім выглядам паказвае, што і ў сне пра такое не чуў. Я таксама паціскаю плячыма.

Але немец трапіўся ўпарты, па карце пальцам водзіць і дзяўбе сваё, як дзяцел:

— Падльюбітшы? Штаразеле?

Санька слухаў, слухаў і рашуча адрэзаў:

— Нікс фарштэйн!

Дзюбаты змераў нас з галавы да ног: Санька — нізкі, прыземісты, дзіця горкае, хоць і стары хрушч, а я высокі і тонкі, як лазіна.

— Ком! — махнуў ён мне рукой, накіроўваючыся за дзверы.

Не мела баба клопату — купіла парася. Так і я з гэтым немцам — не хапала яшчэ дарогу яму паказваць. Трэба неяк выкручвацца.

— Пан, бабы дома няма,— захныкаў я.— Прыйдзе, сварыцца будзе.

Ух, і злосная ў мяне бабуля! Не то што сварыцца, яна і адлупцаваць можа, і я шлёпаю сябе рукой па штанах, паказваю, як мяне яна будзе лунцаваць. Афіцэр ківае галавой, быццам усё разумее, ды як гаркне. Давялося ісці.

Сухі снег крухмалам хрускае пад нагамі. Вецер наскрозь прашывае маю світку, а я цягнуся следам за немцам і праклінаю ўсё на свеце. Прынеслі яго чэрці на маю галаву.

На скрыжаванні дарог, каля старой школы, стаіць чорная легкавая машына, пыхкае шызым дымком. Відаць, зараз мяне сюды пасадзяць і павязуць. Пакатацца на фордзіку, вядома, нядрэнна — ніколі ў жыцці мне не даводзілася нават пасядзець на мяккіх скураных падушках, але гэта было б здрадай: ехаць з немцамі і паказваць ім дарогу. Я ведаю два шляхі ў Стараселле: адзін — кругам, шырокі і наезджаны, другі — полем і лугамі, наўпрасткі. Вось другім і павяду — там будзе якраз снегу па вушы, няхай пабуксуюць. Толькі лепш за ўсё было б зусім не весці, а даць лататы.

На маё шчасце, немец не пасадзіў мяне адразу ў машыну. Ен спыніўся ад яе крокаў за дваццаць на самым ветры і чагосьці чакае, углядаючыся ў канец вёскі. Зразумела. Яшчэ павінны пад'ехаць. Пакуль суд ды справа, трэба нешта прыдумаць. Сказаць яму, што жывот забалеў, дык на мой жывот ён чхаць хацеў. Вось хіба прыкінуцца, быццам хачу піць, можа, што і атрымаецца. Забягу ў першы ж двор, а там — на агарод, і бывайце, фашысцкія морды, здаровы!