Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 72

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Стаім. Любуемся. У вокнах ніводнай шыбы, бітым шклом усыпана сцежка на двары. У хаце, як гаворыцца, і бог адступіўся: разбурана печ, па падлозе валяюцца залітыя вадой галавешкі, у парозе разбіты надвае шчарбаты чыгун і рассыпана абабраная бульба. Пахне гарэлай анучай і мокрым попелам.

Санька сядзіць у кутку на ўслоне, вочы заплаканыя, пад адным з іх здаравенны сіняк, нос расквашаны, апухлы і блішчыць, як шкло. Хадзіць Санька не можа: баліць нага.

— Цэ і вы такія безгаловыя? — пытае нас з Міцькам цётка Марфешка.— Вы таксама ў печ бонбы пхаеце?

Мы маўчым, толькі насамі шморгаем.

— Цэ ж добра, цэ ж добра, што так яшчэ абышлося. Мне як наканована, як хто штурхнуў у бок — ідзі вады! А цэй біс,— і яна добра скубанула Саньку за саламяную грыву,— ляжаў на печы. Не скруціла табе галаву, нячыстая сіла...

Санькава маці месца сабе не знаходзіць. Яна збіраецца паклікаць Санькавага дзядзьку Харытона. Той можа паладзіць печ і заадно добра «ажэніць» самаго Саньку.

— Ён ажэніць,— з новай сілай разгараецца яе злосць,— ажэніць і долю дасць, хай табе грэц.

I, выходзячы за парог, зноў бядуе:

— Ішла да калодзежа — быў комін, іду назад — няма коміна. Ах, каб ты...

Калі справа даходзіць да жаніцьбы, нам тут з Міцькам няма чаго рабіць. Мы заглянулі ў праём столі, праз які комін выходзіў на дах,— свеціць неба, паспачувалі Саньку і пабеглі: прыйдзе Харытон, будзе і нам тая ж чарка.

У тым, што італьянская граната нарабіла шкоды, Санька, між намі кажучы, і невінаваты. Ён паклаў «яйка» ў печ на цёплы под да раніцы. Жару там ке было, а толькі лёгкі дух. Ен разлічваў устаць раней за маці, узяць ужо сухую гранату і занесці ў хованку, ды праспаў. Маці наклала ў печ дроў, наставіла чыгуноў, падпаліла сухія трэскі і пайшла па ваду. Пакуль яна гаманіла з суседкай ля калодзежа, штосьці гахнула. Падышла да хаты — коміна няма.

А Санька наогул спачатку нічога не зразумеў. Невядомая сіла падхапіла яго, з грукатам шпурнула на падлогу і агрэла па твары цаглінай. Навокал дым, галавешкі. Ля дзвярэй стаіць да смерці перапалоханая маці і галосіць, як па нябожчыку. Толькі Санька не чуе яе ляманту, у галаве яго гудзе, быццам ён прыклаў вуха да тэлеграфнага слупа.

Тыдні праз два выйшаў Санька на вуліцу, ды і то яшчэ кульгаючы.

— Ну, а дзядзька цябе ажаніў? — спытаў Міцька.

— Хацеў,— сціпла прызнаўся мой прыяцель. Мне ён расказаў больш. Харытон усё ж накруціў яму вушы, асабліва пасля таго, як, складваючы новую печ, знайшоў у саломе нашу хованку: прапалі нашы патроны, прапаў наш таўкачык. Цяпер мы зусім абяззброеныя.

28. Я паўтараю подзвiг Сусанiна

Стогне ў коміне другая ваенная зіма. Ноччу патрэскваюць ад марозу бярвенні сцен. Абкруціла зямлю белымі бінтамі завіруха, засыпала наш раўчак, закавала возера, замяла дарогі, насыпала гурбы снегу вышэй платоў. Вераб'і зашыліся пад стрэхі. Я, Глыжка і Санька — на свае печы. Нас там і вяроўкай бы не прывязаў, калі б было што апрануць. У рызманах не вельмі далёка разгонішся, хіба выскачыш паглядзець, ці не трапіўся ў сілок снягір.