Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 71

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Італьянцы доўга тапталіся ля возера, выбіралі сухое месца, а потым грымнуў выбух, і над люстракай гладдзю слупам узнялася вада. Гахнула другі раз, над вадой пракацілася рэха і сціхла ў сітнягах. А ў трэці раз толькі бульхнула, як хто шпурнуў камень.

Салдаты кінулі гранат з дзесяць. Тры не ўзарваліся. Мы з Санькам добра прыкмецілі, куды яны ўпалі.

Салдаты адабралі буйнейшую рыбу і пайшлі, а на нашу долю засталася розная драбяза. Цэлая армія басаногіх хлапчукоў, паскідаўшы штаны, з гоманам і вясёлым крыкам рынулася ў цвілую, ужо добра такі халодную ваду.

Мы з Санькам не ганяемся за рыбай. Рыбу з'ясі, і ўсё, а граната — іншая рэч.

Аднак не адны мы такія разумкікі. Гранаты шукаюць і другія хлопцы. Асабліва Міцька Малах стараецца. За ім нідзе не паспееш.

— Ага! — крычыць Міцька.— Вось яна пад нагой!

А праз мінуту вылазіць з-пад вады ўрачысты і радасны. У валасах поўна ціны, з галавы сцякаюдь мутныя раўчакі, а ў руцэ расфарбавакае ў яркія колеры «яйка». Толькі без гузіка, за які шморгаюць.

Міцькаў поспех нас раззлаваў: шанцуе ж гэтаму Манголу.

Мы зусім адубелі. Саньку калоціць, у мяне таксама скура пагусінілася, але вылазіць на бераг з пустымі рукамі ніхто не збіраецца. Ад зайздрасці і адчаю я даю доўгага нырца. Вада на дне, як у калодзежы, рукі і ногі зводзіць, аднак вылазіць нельга: я абмацваю і абмацваю мох, перамешваю твань з вадой. Усё дарэмна.

Следам за мной вынырнуў Санька. Па праўдзе кажучы, ён і не вынырнуў па-людску, а неяк высунуўся з-пад вады, быццам пры гульні у жмуркі. Спачатку паказалася цэлая купіна водарасцей, а потым ужо адно вока, другое завешана травой. Як вадзянік.

— Наглыта-аўся вады,— сказаў Санька, адплёўваючыся, і сцягнуў з галавы травяную шапку. У руцэ граната.

Трэцюю ніхто не знайшоў. Мабыць, яна закацілася куды-небудзь пад куст або хто затаптаў у твань. Дамоў ідзём радасныя. Калі лічыць тую гранату, што выменялі ў Храбрага Зайца на процівагаз, ды бабулін таўкачык, ды італьянскае «яйка», то ў нас іх ужо тры.

— Толькі гэта можа не ўзарвацца,— бядуе Санька, мацаючы кішэню, куды ён схаваў знаходку.— Мабыць, адсырэла ў вадзе.

— Давай пакладу дома на чарэнь, каб высахла,— прапанаваў я.

— А ў нас што, няма чарэні? — адвёў маю руку Санька і пры гэтым яшчэ дадаў, што няма чаго рот разяўляць на чужыя гранаты. Трэба было мне самому шукаць, калі хачу сушыць, Мяне ахапіла злосць. Як жа гэта так? Шукаем боепрыпасы разам, разам збіраемся ў партызаны, і раптам італьянская граната — мне чужая? Калі на тое пайшло, дык я першы заўважыў процівагаз, якім мы заплацілі Зайцу; калі ўжо лічыць, дык нямецкі таўкачык цэлы, а гэтая так сабе, без гузіка... Слова за слова, і я назваў Саньку скнарай, а ён мяне варонай. Паспрачаліся і разышліся.

А раніцой на другі дзень, калі ад сэрца адлягло і мы з Міцькам зайшлі ў Санькаў двор, цётка Марфешка сустрэла нас, як доўгачаканых гасцей:

— А-а, прыйшлі, бісавы дзеці, каб вы сказылыся, каб вас зямля не насіла. Палюбуйцеся!