Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 70

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Дучэ гут? — пытае Санька.

Педра ўзняў ад здзіўлення бровы, чамусьці прыплёў нейкую мадонну, а потым прыклаў да лба пальцы, як прыдуркаваты Антон, і смешна забэкаў:

— Бэ-э!

— Дучэ — баран,— пераклаў Санька.

На развітанне Педра даў нам па сухой, як костка, галеціне і панёс боты ў хату.

А ў сенцах нас пачаставала яшчэ і баба Мікалаіха. Яна дала нам па скібцы хлеба з маслам. 3 той самай дзежачкі, якую дзед быццам бы закапаў. Масла як масла, скура з языка не аблазіць. Дзед сядзіць на ўслоне, хітра ўсміхаецца і мацае свае белыя вусы, ці не згубіліся. Ён толькі напалохаў італьянца.

Калі італьянцы такія, як Педра, то ўвогуле яны неблагія людзі. Так думаюць, вяртаючыся дамоў, два сеньёры: сеньёр Санька і сеньёр Іван.

27. Як Саньку «ажанiлi»

Італьянцам вельмі падабаюцца савецкія сярэбраныя паўрублі. За адзін такі паўрубель яны могуць даць суконны салдацкі фрэнч або штаны, чаравікі або пару новай бялізны. Цётка Скачыха выменяла, напрыклад, яшчэ зусім новую салдацкую коўдру.

Нам італьянцы таксама набіваліся рознымі рэчамі: адзін раз салдат прыносіў боты, а ў другі — пару просцін. Мая бабуля вельмі шкадуе, што ў яе няма ніводнага паўрубля. Глядзіш, і прыабула б нас, абшыла б крыху.

У манашкі Чмышыхі аднаму начальніку спадабаліся абразы. Дакладней кажучы, не ўсе абразы, а толькі багамацер.

— Прычапіўся ён да мяне, як сляпы да плота,— скардзілася Чмышыха, прыйшоўшы да нас пазычыць рэшата.— Ты мне, кажа, мадонну дай, а я табе кувадла. А на якую хваробу мне тое кувадла? Ды і грэх гэта, мая дзеўка, бога прадаваць. Вось і паказала я яму дарогу да Цімоха Каваля. Можа, яму кувадла трэба.

— Ён табе каня даваў,— падказаў я манашцы, бо мы з Санькам па-італьянску — рэпу грызём.

— Ах, божа ж ты мой,— спалохалася чамусьці Чмышыха і, забыўшы пра рэшата, бягом пабегла з хаты.

— Грэх ёй бога прадаваць,— недаверліва паківала галавой бабуля.— Языком толькі.

Бабуля Чмышысе не верыць. Усё жыццё манашка гаварыла, што калгасы ад д'ябла, а потым, калі прыйшлі немцы, з парнікоў перацягала цэлы штабель колікаў, да якіх падвязвалі памідоры. Не паглядзела, што яны ад д'ябла.

Праз дзень пасля размовы пра мадонну ў Чмышысіным двары хадзіла здаравеннае, вымазанае чымсьці смярдзючым ад каросты, «кувадла». Трубіла яно траву, як у трубу. Манашка была ў роспачы: хутка і вушы аб'есць.

У бабы Гапы аднаму італьянцу спадабалася курыца. Праўда, «кувадла» ён за яе не даваў, а пакуль баба была на агародзе, адкруціў курыцы галаву, схапіў пад паху і ўцёк. 3 гэтага мы таксама зрабілі вывад, што італьянцы лепшыя за немцаў. Яны не бяруць нахабна.

Спадабалася ім і наша возера: шырокае і глыбокае. Якая ў ім глыбіня, дык гэтага і сказаць немагчыма, бо яшчэ ніхто ніколі пасярэдзіне не дасягаў дна. Старыя людзі кажуць, што калісьці на месцы возера і балота з сітнягамі і аерам стаяла высокая гара, а на гары — царква. Аднойчы, калі ў царкву набілася процьма народу, бог чамусьці раззлаваўся, і царква з людзьмі правалілася пад зямлю. 3 таго часу летам па вечарах, перад захадам сонца, калі добра прыслухацца, нібыта можка пачуць, як пад вадой спяваюць малітву. Мы з Санькам не раз прыслухоўваліся. Сапраўды чузаць спевы, толькі яны чамусьці надобныя на крумканне жаб.