Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 69

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Дылдавы госці выжлукцілі сваю конскую гарэлку і пайшлі па хатах. Дылду стала сумна. Заўважыўшы нас з Санькам у парозе, ён паківаў пальцам, каб падышлі.

— Сеньёр Антоніо,— паказаў на сябе Дылда рукой. Мы кіўнулі галовамі: зразумела — Антон. I тут Дылда ткнуў у Санькаў нос.

— Санька,— працадзіў мой прыяцель.

— Сеньёр Санька,— паправіў яго Дылда і зарагатаў.

Калі Дылдаў палец нацэліўся на мяне, я сам бойка адрапартаваў:

— Сеньёр Іван!

Дылду гэта так спадабалася, што ён аж пасінеў ад смеху. Мне здавалася, што італьянец вось-вось захліпнецца. Як гляне на Санькавы босыя, парэпаныя ногі, дык проста з услона валіцца.

— Сеньёр Санька!

А потым пакажа на мае рудыя, з нямецкага мяшка штаны і за жывот бярэцца.

— Сеньёр Іван.

I тут нас ахапіла злосць: насміхаецца, гад. Відаць, ад гэтай злосці мой прыяцель набраўся храбрасці і пекануў:

— Сеньёр Дылда.

Тут ужо мы давімся смехам. Праўда, так не заліваемся а фыркаем і пырскаем слінай.

— Но-о,— не згадзіўся афіцзр,— сеньёр Антоніо. Яшчэ фанабэрыцца. Сказаў бы проста Антон, а то Антоніо. Мне стала яшчэ больш смешна, таму што ўспоыніўся прыдурказаты Антон Глінаед, за якім часта бегаюць дзеці і дражняцца:

Антон —Харытон Набіў бабу хамутом. Баба плача, Антон скача.

Звычайна тады Антон спыняецца, прыстаўляе пальцы да лба, быццам гэта рогі, і мычыць бугаём, палохае.

I тут Дылда, відаць, жадаючы нас задобрыць, зрабіў прамашку. Ён узяў відэлец і дзеўбануў у нейкую смажаніну, што не даелі яго госці. Санька лбом адчыніў дзверы, следам коркам вылецеў я. Станем мы есці. Каб мы бачылі, што яны напіхвалі ў свае бляшанкі, а то, можа, налавілі дзе ў Італіі ў раўчаку. Следам за намі коціцца звонкі рогат.

Выскачылі ў сенцы, аглянуліся — не даганяе. На двор выйшлі спакойна. Тут на прызбе салдат чысціць афіцэрскія боты. Ён робіць гэта так спрытна, нібы цыркач. Шчотка раз-пораз вырываецца ў яго з рукі, пераварочваецца ў паветры і сама скача італьянцу ў руку. Мы з Санькам аж раты разявілі.

Салдата звалі Педра.

— Педра, Педра,— паказаў ён на сябе бліскучым і ботам, нацягнутым на руку, потым плюнуў на яго і зноў зашморгаў шчоткай.

— Пятро, значыць,— пераклаў мне Санька салдацкае імя, хоць я і без яго гэта зразумеў. Мы таксама назвалі сябе: сеньёр Санька і сеньёр Іван.

Дзяншчык аказаўся гаваркім і вясёлым хлопцам. Кінуўшы чысціць боты, ён дастаў з кішэні карты і паказаў нам фокус: быў туз і няма туза. Затым сцягнуў з пальца пярсцёнак, выцер яго аб штаны, паклаў у рот і на нашых вачах праглынуў. Колькі мы ні заглядвалі яму ў рот, пярсцёнка там не было. Пярсцёнак аказаўся ў Санькавым вуху. Мы проста аслупянелі ад здзіўлення. Адным словам, Педра нам спадабаўся. Ён свой чалавек. Магчыма, гэта той самы Пепа, пра якога мы чыталі ў адной кніжцы. Падрос, вядома.

Таму мы і адважыліся пусціцца ў размовы пра палітыку. Нам карціць ведаць, якія думкі ў італьянцаў пра ўсё тое, што робіцца на свеце. Атрымалася гэта так.