Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 68

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Нічога асаблівага ў гэтых італьянцах няма. Мундзіры амаль такога ж колеру, як і нямецкія. Здзівілі нас толькі зорачкі, белыя пяцівугольныя зорачкі на пілотках і каўнярах мундзіраў. Гэта нас нават збянтэжыла: зорачкі — і супраць нашых? Свет, аказваецца, не такі просты. Не ўсе ворагі з крыжамі.

Нам спадабаліся іх карабіны. Самыя па нашай сіле: намнога карацейшыя і лягчэйшыя за нямецкія вінтоўкі. А гранаты ў іх, як велікодныя яйкі, расфарбаваныя ў розныя колеры: палавіна — сіняя, палавіна — чырвоная. 3 аднаго канца гузік, каб шморгаць. Словам, нядрэнныя гранаты.

Салдаты ўсе невысокага росту, затое афіцэр, які крочыць перад калонай, нібы пажарная каланча. Шыю выцягнуў, як гусак, і тонкімі нагамі ў бліскучых ботах перабірае. Цот у цот скакун, што быў да вайны ў калгасе.

— Дылда! — сказаў пра яго Санька, і ўсе хлопцы згадзіліся — лепшай мянушкі не прыдумаеш.

Італьянцы раскватараваліся па хатах вакол новай школы. У самой школе ўжо і не пражывеш. У ёй ніводных дзвярэй, ніводнага акна, узадрана драўляная падлога, павыпільваны падмоснікі і бэлькі, на якіх трымалася столь.

На школьным двары спынілася толькі палявая кухня. Повар наліў у катлы вады, насыпаў макарону, спрытна вялікім нажом адкрыў кансервавыя бляшанкі. Па сяле пайшоў мясны пах. Выдумаў, мабыць, дзядзька Скок пра жаб.

Дылда спыніўся на кватэры ў майго дзеда Мікалая. Яму спадабалася, што дзедава хата непадалёку ад шашы і ў гразь не трэба будзе пэцкаць бліскучыя боты.

Дзяншчык, спрытны, каржакаваты салдат, з падводы ў хату бясконца цягае чамаданы, пакункі, скрынкі. Мы з Санькам таўчомся ў сенцах, спадзеючыся ўбачыць што-небудзь цікавае.

Нарэшце падвода разгружана, на канапе зроблена пасцель. Дылда развесіў па сценах свае манаткі: бінокль, рыпучую папругу з пісталетам, і салдат пачаў збіраць абед.

Да Дылды прыйшлі ў госці два афіцэры, толькі не такія доўгія: адзін з чорнай барадой-венікам, а другі зусім яшчэ малады. Яны сядзяць за сталом, п'юць нейкую рудую гарэлку. Дзед кажа — каньяк.

— Напэўна, конская,— зразумеў Санька.— Есць жа конскае шчаўе.

Італьянцы махаюць рукамі, штосьці бубняць, а што — не разбярэш. Толькі два словы мы з Санькам разумеем: сеньёр і дучэ. Сеньёр — гэта па-іхняму пан, а дучэ — гэта іхні Гітлер.

У сенцах на стале салдат адкрываў кансервы ды ўсё новыя бутэлькі. Вось ён дастаў нейкую невялікую дзежачку, калупнуў з яе на нож — масла. Лізнуў італьянец нож языком — зморшчыўся. Дзеду пальцам ківае: ідзі паспрабуй.

— Можа, атручанае якое? — апасаецца і дзед, але падкруціў свае вусы і таксама лізнуў. Дзед зморшчыўся яшчэ больш за італьянца, назат плюнуў і рот далонню выцер.

— Нікс гут! — сказаў ён чамусьці па-нямецку, а потым ужо па-нашаму дадаў: — Дрэнь, адным словам, скура з языка аблазіць.

Тады салдат калупнуў з другой дзежачкі. Дзед зноў лізнуў, доўга прыслухоўваўся да смаку і сказаў:

— Можна есці.

Італьянец радасна заківаў галавой, аддаў дзеду сапсаванае масла і пачаў штосьці гаварыць і махаць рукамі.

— Ды закапаю, закапаю, не бойся,— зразумеў стары і, праходзячы міма нас на двор, прабурчаў: — Самі баяцца атруціцца, а нам з вамі можна. Мы — не людзі...