Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 67

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Нам з Санькам таксама карціць расказаць, што мы ад людзей чулі. Кажуць, што нашых нямецкія кулі не бяруць. Смаляць фашысты з кулямётаў, а нашым хоць бы хны. Кулі ад іх, як гарох, адскакваюць.

— Яны бранявыя шчыты на грудзях носяць,— заканчвае расказ Санька.

Тут, праўда, Скок нічога ў нашу падтрымку не сказаў, але мы ўсё роўна і ў гэтую чутку верым. Верым і будзем верыць, таму што не можа таго быць, каб у нашых нічога такога не было. I радасна робіцца на душы. Няхай папомняць фашысцкія морды. Яны яшчэ паскачуць.

Сыплюцца на зямлю зоркі, вычэрчваюць па чорным небе агністыя дугі. На траву кладзецца раса. Бабуля даўно падаіла карову — можна смела ісці дамоў. Ногі сырадоем не памажа.

Цвыркае ў цемры пад печчу цвыркун, а я ляжу і думаю пра электрастанцыю, пра Бурага, пра гармату, якая цэлымі вазамі кідае снарады. I трэба ж такую прыдумаць!

I мне здаецца, што я чалавек-невідзімка, якога да вайны бачыў не раз у кіно, што знаходжуся я ў Берліне. Берлін як бы і наша вёска, толькі крыху большы, бяжыць па вуліцы раўчак, шумяць над галавой вербы. Заходжу я ў Гітлераву хату, а ён сядзіць на печы.

— Гутэн таг, фашыст!

Гітлер круць-верць — нікога няма.

— Не круціся, як кот у мяшку! Зараз табе будзе капут!

Гітлер:

— Даруй, Іван, больш не буду. Каб я на гэтым месцы праваліўся!

Ды што з ім размаўляць? Бабахнуў гранатай, якой бабуля хацела бульбу таўчы, аж навокал усё скаланулася і задзінькалі шыбы.

Немцы перапалохаліся, бегаюць, крычаць на ўсю Германію:

— Васіс дас?

Хочуць мяне злавіць і не могуць: невідзімка я.

I тут заязджае ў Германію вялізны танк са спецыяльнымі дзверцамі. Ён гудзе так, што зямля дрыжыць. На танкавай вежы сядзіць мой бацька.

— Сякеру маю не чапаў? — пытае ён.

— Не чапаў! — крычу я і лезу да бацькі на вежу. Гляджу, ды гэта не бацька, а бабуля.

— Ды прачніся ты, ідал! — трасе мяне яна за плечы.

У хаце светла, нібы электрычнаець гарыць. За вокнамі, над горадам у чорным небе вісяць вялізныя ліхтары. Спалохана кідаюцца з боку ў бок праменні пражэктараў. Гудзе зямля і неба. Нашы зноў бамбяць станцыю, і мы бяжым у бабульчын бліндаж.

26. Мы з Санькам — сеньёры

Дзядзька Скок часта гаворыць, што нашай вёсцы шанцуе. Стаіць яна на шашы пад горадам, вакол лугі ды палі, ад лесу далёка, і таму пабывала ў ёй амаль уся Еўропа. Апранутая ў салдацкія мундзіры, гэтая самая Еўропа начавала ў нашых хатах, смяялася з нашых звычаяў, з ахвотай ела нашых курэй, страляла сабак і людзей, крала вёдры, трушчыла платы. Еўрапейскія коні са смакам хрумсталі наша сена. Не лічачы немцаў, мы бачылі ўжо славакаў і мадзьяр. Нам не хапала яшчэ італьянцаў. Цяпер у нас і італьянцы будуць.

Яны прыйшлі сярод дня ў нядзелю. Нягледзячы на нудны, дробны дождж, які імжыў з самай раніцы, я, Санька і іншыя хлапчукі пабеглі паглядзець, што там за яны. Дзядзька Скок казаў, быццам італьянцы любяць жаб. Бяды ў гэтым вялікай няма. Нам такога дабра не шкада — няхай ядуць. У нашым раўчаку іх хопіць на ўсю Італію!

Але на жаб італьянцы не кінуліся. Яны строем прайшлі па вуліцы, мінулі раўчак і накіраваліся да царквы. Потым лавіць, напэўна, будуць, калі разыдуцца па хатах.