Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 66

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Я ўяўляю сабе, як там было. Партызан, як Максім Здор — ачалчэнцкі камандзір. Шырокія плечы, расхрыстаная кашуля, ільняным снопам спадаюць на лоб валасы. Адным словам, дужы і горды чалавек. Ён нічога не сказаў на допыце, нічога не сказаў і пад гадзіннікам.

— Чулі, як учора ў горадзе бухнула? — пытае між іншым дзядзька Скок.

— Ну?

— У нас аж шыбы зазвінелі,— улез у размову Міцька.

— Электрастанцыю ўзарвалі,— паведаміў сусед і давай зноў круціць качаргу.

Я сам чуў гэты выбух, толькі не звярнуў увагі: цяпер усюды бухае. 3 нашай вёскі некалькі такіх хлопцаў, як мы з Санькам, падарваліся: хто на міне, хто снарад разбіраючы, хто на чым іншым. Цяпер гэта не дзіва.

— Можа, сама?— сумняваецца нехта з кавалераў.

— Дурань! — асякае яго Косцік-гарманіст.— Буры гэта зрабіў, яго работа.

— Буры ці не Буры,— разважае дзядзька, ляпаючы абломкам рашпіля па крэмню,— а справа зроблена. Прыехала некалькі чалавек у нямецкай форме, і галоўны іхні гаворыць: «Гутэн таг, мы — камісія». Прымаць, словам, будзем вашу работу. Ну, усё як мае быць агледзелі. «Гут,— кажуць,— можна запускаць». А самі селі — і аўхвідзерзэй. I тут самая галоўная машына трах-бах — і бывайце здаровы. Немцы, мой татка, забегалі: васіс дас?

— Васіс дас — кіслы квас,— увярнуў я к слову, і ўсе засмяяліся, а Скок падхапіў:

— Кіслы квас у іх выйшаў потым, калі праз гадзіну сапраўдная камісія прыехала.

— Ну, вядома, гэта Буры! — зноў рашуча паўтарыў Косцік.

Пра нейкага Бурага ўжо даўно ходзяць самыя неверагодныя чуткі. Кажуць, да вайны ён быў настаўнікам нямецкай мовы, а цяпер, пераапрануўшыся ў афіцэрскую форму, ходзіць па горадзе, абедае ў нямецкіх сталовых, заходзіць у штабы — усё разведвае і перадае нашым. Адяойчы пагрузіў на машыны ўсё, што было ў нямецкім шпіталі, і адвёз да партызан у лес. Кажуць, яшчэ цэлы рэстаран з немцамі падарваў.

I вось сабралася нямецкае начальства і гаворыць:

— Хопіць нам важдацца з гэтым Бурым!

Прыдумала тое начальства хітры план, як злавіць Бурага, а ён сядзіць паміж немцаў і хваліць усё гэта: «Гут, гут». Вось які гэты Буры!

Мы з Санькам выцягваем шыі і ловім кожнае слова.

— Вы чулі, якая ў нашых зброя ёсць?

Мы круць галовы на голас — Косцік Буслікаў расказвае:

— Выязджае на поле бою танк. Браня — ні адзін снарад не возьме. I раптам адчыняюцца ў ім спецыяльныя дзверцы, а адтуль танкетак штук дзесяць...

«Во,— думаю я,— добра нашы зрабілі. Немцы лічаць, што танк адзін, і сядзяць сабе, у вус не дзьмуць, а калі схопяцца — позна. Што і казаць, хітра зроблена. Няхай паскачуць цяпер нямецкія морды!»

Дарослыя дзядзькі недаверліва хмыкаюць — байкі. Толькі адзін Скок пускае дым у два струмяні і ківае галавой:

— Можа быць...

Толькі гэта яшчэ не ўсё. У нашых гармата такая ёсць — прывязуць воз снарадаў, а яна адным махам — бабах іх немцам на галовы. Снарады разрываюцца, а з іх вылятаюць другія снарады, а з другіх — трэція. Праўда, крыху меншыя.

— Выдумкі.

— Чаго там выдумкі? — падтрымаў Косціка Скок.— «Кацюша» называецца.

— I адкуль ты ўсё ведаеш? — здзіўляюцца мужыкі.

— Ад людзей чуў, мой татка, на базары...