Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 4

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— I прыдумаюць жа...

А Івану Бусліку ўсё гэта зразумела як пяць пальцаў. Вось чаму ён бадай што самы паважаны чалавек у вачах вясковых хлапчукоў. Вось чаму мы заўсёды, затаіўшы дыханне, сочым, калі ён лазіць на слуп або адчыняе дзверы трансфарматарнай будкі. Зайсці б туды самому ды паглядзець, хоць адным вокам, што робіцца за дзвярыма, на якіх прыбіта таблічка з надпісам: «Не чапаць. Смяртэльна». Але Буслік нас і блізка туды не падпускае. Адно, што ён дазваляе рабіць, дык гэта насіць за ім свае цяжкія жалезныя кіпцюры.

Іншыя класы ўжо адпусцілі, а наша настаўніца ўсё ніяк не можа з намі разлучыцца, быццам мы ідзём не на канікулы, а ляцім у вырай.

Цяпер яна раіць нам збіраць гербарыі, засушваць розныя кветкі, лісточкі. Гэта ўсё нам спатрэбіцца, калі мы прыйдзем у чацвёрты клас.

А пад акном стаіць Міцька Малах з трэцяга «А», ці, як мы яго называем, Мангол, і махае палатнянай торбай з кніжкамі. Міцька вельмі рад, што ён ужо на вуліцы. Яго тоўстыя губы расплыліся ў шчаслівай усмешцы, а замест вачэй — дзве хцівыя шчылінкі.

Я паказаў Міцьку кулак, а ён мне язык. Тут якраз дарэчы было б крыкнуць:

— Малах, Малах! У рабых штанах!

Але ў класе не крыкнеш.

— А ўвосень, калі вы прыйдзеце ўжо ў чацвёрты клас, у нас будзе новая школа,— гаворыць далей Антаніна Аляксандраўна.— Новая, прасторная, светлая.

У гэты час Міцька-Мангол чамусьці страціў цікаўнасць да нашага акна. Хвіліну-другую ён стаяў нерухома, прыслухоўваўся, а потым пусціўся ўпобрыкі да сельсавета, як малады жарабок.

Там, з цвінтара на вуліцу, крочыць строй дапрызыўнікаў. Хлопцы дружна топаюць і старанна адмахваюць у такт крокаў рукамі. Наперадзе строю нейкі вайсковец ідзе задам наперад і штосьці крычыць. А за дапрызыўнікамі, узнімаючы босымі нагамі пыл, імчацца хлапчукі. Толькі нас з Санькам там не хапае. Мы сядзім у класе, і нашы сэрцы точыць чорная зайздрасць.

Нарэшце Антаніна Аляксандраўна сказала:

— Ну, дзеці, да пабачэння. Да першага верасня.

— Да пабачэння,— радасна адгукнуўся клас, і вось перад намі — вуліца, сонца, вецер і буйная хлапечая воля — бяжы куды хочаш: перад табою цэлы белы свет.

Дапрызыўнікаў мы дагналі ўжо за вёскай. Яны ішлі ў Лісічыя равы на стрэльбішча. Вайсковец па-ранейшаму то ідзе задам, то забягае збоку і ўвесь час надрываецца:

— Аць-два! Левай, левай! Не часціць! Шаціла, не цягні нагу!

У першай шарэнзе Міцькаў брат Панас. Нягледзячы на спякоту, ён у новым суконным пінжаку, абвешаным рознымі значкамі. Там і Асаавіяхім, і Чырвоны Крыж, і МОПР, але самы галоўны з іх — «Варашылаўскі стралок» на тоненькіх медных ланцужках. Кожны з нас аддаў бы няведама што, каб толькі мець хоць які-небудзь з гэтых значкоў. Іншы раз, калі Панас бывае ў добрым настроі, ён дае нам памацаць свае рэгаліі — тады радасці на цэлы дзень.

Сёння Панас горды і непрыступны. У яго на плячы адзіная на ўсю каманду вінтоўка-дробнакаліберка. Яшчэ больш фанабэрыцца наш прыяцель Міцька-Мангол. Ен проста расце на вачах.