Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 54

Iван Kiрэевiч Сяркоў

У парозе за Няўмыкам таўкуцца два немцы. Яны згорбіліся, пасінелі, у аднаго з іх сапраўды з носа цячэ. Пастукаўшы крыху абцасамі, немцы падышлі да печы і растапырылі рукі перад засланкай.

— Холёд,— сказаў бабулі той, у якога з носа цячэ, калі яна выйшла насустрач.

Бабуля ім растлумачыла, чаму так:

— Гэта ж вам не пятроўка. У пятроўку — голадна, а ў піліпаўку — холадна.

— Ну, хопіць,— груба перабіў яе Няўмыка. Ён ходзіць па хаце ў добрых валёнках, у доўгім дубленым кажуху, на плячы вінтоўка ўгару прыкладам. Пад яго цяжкімі крокамі рыпаюць масніцы.

— Паступіў загад збіраць для нямецкага войска цёплыя рэчы. Калі хочаце, каб бальшавікі не вярнуліся, трэба дапамагчы Германіі,— аб'явіў ён і выцягнуў з кішэні зашмальцаваны школьны сшытак.

— Сырцовы? — грозна спытаў ён і, паслініўшы аловак, пачаў штосьці крэмзаць на паперы чырвонымі адубелымі пальцамі.

— Гэта чым жа я дапамагу той Ярманіі? — здзівілася бабуля.— Хіба што спадніцу аддам... Вось світка ёсць.— Яна паказала паліцаю латаную-пералатаную ватоўку.

Няўмыка скрывіўся, быццам нешта кіслае з'еў.

— Ды я ведаю. Ва ўсіх адна і тая ж песня, а кажухі і валёнкі пахавалі. Вось мы зараз паглядзім...

— Холёд,— умяшаўся ў размову немец. Ен паказаў бабулі на замёрзлае акно і растлумачыў:

— Эс іст кальт... Бр-р-р!

I паказаў, як яго прабірае мароз.

— А чаму ж ваш Гітлер вам не даў кажухоў? — спытала бабуля.— Хіба ён не ведаў, куды пасылае?

Пачуўшы слова «Гітлер», немцы насцярожыліся і запытальна паглядзелі на Няўмыку, што той скажа. А Няўмыка глянуў спадылба і буркнуў:

— Прыкусі язык, старая качарга...

I прыступіў да справы. Ен перавярнуў усё дагары нагамі ў скрыні. Ніякіх кажухоў там, зразумела, не было. Ператрос матчыну пасцель, заглянуў пад ложак і палез да нас з Глыжкам на печ.

— Дзіця там хворае,— кінулася наперарэз бабуля. Няўмыка адпіхнуў яе ўбок, нібы сухую былінку.

— Ведаем мы вас...

I сцягнуў з мяне мой кажушок.

Гэта быў не бог ведае які кажух. Яго перашылі мне са старога бацькавага. Было на ім некалькі латак, былі ў ім і дзве-тры дзіркі. Руды Няўмыка доўга круціў адзежыну ў руках, быццам ён не забіраў проста так, а купляў на базары і баяўся пераплаціць.

— Швах...— адгукнуўся ад печы адзін з немцаў.— Зэр швах.

— Вось і я кажу,— радасна падтрымала яго бабуля,— Па швах ледзь ліпіць... Ды і сіроцкі гэта. Грэх браць...

— А мы за грэх ды ў мех,— крыва ўхмыльнуўся Няўмыка і кінуў кажушок на падлогу.

— Гут,— падбадзёрыў ён немцаў.— На рукавіцы можна перашыць...

I паказаў ім свае аўчынныя рукавіцы.

I раптам бабуля спалохана вохнула і з лямантам кінулася на печ. Там Няўмыка развязваў яе чорны клунак.

— Што ты робіш, ірад? — загаласіла старая.— Я ж на смерць берагу...

Ад моцнага штуршка ў грудзі яна адляцела на сярэдзіну хаты і зноў коршакам учапілася за Няўмыкаў кажух.

— Не руш, Аўдзеіч. Не крыўдзі старога чалавека. Бог цябе пакарае. У чым жа на могілкі мяне панясуць?..

На гэты раз бабуля адляцела яшчэ далей, паваліла ўслон. Грымнуўся аб падлогу гладыш і рассыпаўся на чарапкі.

Немцы стаялі на тым жа месцы і з цікавасцю назіралі за гэтай няроўнай барацьбой. Глыжка са страху зашыўся за комін, я хацеў злезці з печы, заступіцца за бабулю, ды сарваўся з прыпечка і разбіў аб жалезны ложак скроню.