Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 55

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Апрытомнеў я зноў на чарэні. Расплюшчыў вочы — ляжу, укрыты посцілкай, зірнуў на жэрдку — няма клунка, толькі пляцёнка цыбулі. Нада мной заплаканы бабульчын твар.

А дурненькі ты,— ласкава папракае яна мяне.— Хіба так можна? Табе ж ляжаць трэба...

— Забралі? — спытаў я, хоць і так было ўсё ясна.

Бабульчыны вочы наліліся слязьмі. Яна гучна высмаркалася ў фартух і ўздыхнула:

— Каб іх за жывот так узяло ды не адпусціла.

Мне шкада кажушка, шкада і бабульчынага клунка: такая прыгожая была гаруска. Толькі, калі добра падумаць, тут ёсць чаму і радавацца. Немцам холадна, так ім і трэба. Справы ў іх неважнецкія, калі Германіі спатрэбіўся мой кажушок.

Ды і бабулька, мабыць, цяпер не будзе так часта збірацца паміраць. Няма пасагу — трэба нажыць.

Але яна, напэўна, думае інакш. Цэлы дзень ходзіць сама не свая. За што ні возьмецца — усё з рук валіцца. Увесь час уздыхае ды вохкае. I толькі пад вечар старая крыху супакоілася. Нарэзала сечкі карове, прынесла вады, а потым села ў парозе на ўслон, склала на прыпале рукі і ўздыхнула:

— Нічога не зробіш. Для чаго я сабе яго берагла — няхай ім для таго будзе...

Гэта яна пра свой пасаг.

22. Нямецкiя жартачкi

Калі зіма еустракаецца з летам, гэта называецца стрэчаннем. Так нам бабуля казала. У гэты дзень трэба, каб певень напіўся пад страхой вады. Тады будзе добра. Тады на нейкае там свята вол пад'есць травы. У нас, праўда, вала няма, але ёсць карова. Яна траву таксама любіць.

Вокны ўжо адталі, скінулі калматы снежны кажух, і ў хаце светла ад сонца. Яго праменні заглядваюць у вядро з вадой, і па столі бегаюць палахлівыя зайчыкі.

Глыжка з самай раніцы прыліп да шыбы. Яму вельмі хочацца ўбачыць, нап'ецца певень з-пад страхі ці не. Яму надакучыла зіма.

Надакучыла зіма і мне. Я доўга качаўся пасля хваробы на печы, а потым, калі крыху ачуняў, не мог выйсці на вуліцу — не было чаго апракуць. Кажушок забраў Няўмыка на патрэбы Германіі. Праўда, Германія атрымала дулю, а не кажух. Яго адрамантавалі, пацягнулі зверху матэрыяй. У ім цяпер катаецца на каньках Рудзька, Няўмыкаў вырадак. А Сава раскашуецца ў бабульчынай хустцы. Кажуць, у нядзелю ў царкву прыходзіла: зверху цёплая хустка, а спадыспаду — гаруска.

Я таксама сяджу побач з Глыжкам і з захапленнем гляджу на вуліцу. Там радуюцца цеплыні вераб'і, скачуць, весела жыўкаюць: жыў-жыў! Мне б іхнія клопаты.

Падставіўшы бок пад сонца, грэецца карова. Яна ад здавальнення жмурыць вочы і штосьці жуе. У расталым смецці капаюцца нашы тры яшчэ няз'едзеныя немцамі куры і певень. Чорны, абмарожаны грэбень у яго, мабыць, баліць, але ён трымаецца гогалем, расхаджвае важна, як паліцай, і ўсё павышае голас на курэй, увесь час да іх прыдзіраецца. А вось ісці піць ваду пад страхой ён і не думае.

Затое напілася рабая.

— Баб, а калі кулыча? — крычыць ад акна Глыжка.

Бабуля сядзіць пад падлогай, перабірае бульбу. На братаў голас яна высунула галаву, абвешаную павуціннем.