Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 53

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Вось будзеце такімі неслухамі,— пагражае яна,— вазьму і памру. Будзе вам тады воля, хоць галовы паскручвайце.

На печы, на гладкай бярозавай жэрдачцы, побач з цыбуляй вісіць вялікі чорны клунак. Вісіць ён даўно, мабыць, з таго часу як і печ зрабілі. Што ў гэтым клунку, бабуля хваліцца не любіць. Хіба што вельмі назаляць станеш. Тады яна адмахнецца, нібы ад надакучлівай мухі, і скажа:

— Адчапіся, смала. Пасаг мой там вісіць. Як да бога на суд пайду — прыбрацца трэба будзе.

Сама бабуля ўсё жыццё ходзіць у чыіх-небудзь неданосках, а свой пасаг не чапае нават у вялікае свята. Асабіста я лічу, што гэта няправільна, і часта даю парады:

— Ды знасі ты, баб. Новае купім.

Калі пры такіх размовах дома былі дарослыя — бацька, маці або гасцявала цётка Марына,— бабуля крадком паглядвала на іх і папракала нас з Глыжкам:

— Вы, унукі, купіце... Ад вас дачакаешся. Выпхнеце потым у рыззі...

Бацька тады браўся за цыгарку, а цётцы Марыне раптам трэба было некуды ісці.

Аднойчы бабуля пераглядала свой клунак, ці не паела яго моль, і я пагледзеў, што ў ім было. Там ляжалі чорная сацінавая спадніца, расшытая па падоле вузенькай зялёнай стужкай, белыя брызентавыя спартыўныя тапачкі з гумавай падэшвай, сподняя кашуля з тонкага льнянога палатна, сіняя паркалёвая кофта ў гарошыну і самая прыгожая рэч — гарусавая хустка. Хустка, відаць, і бабулі падабалася больш за ўсё. Пераклаўшы, ператросшы іншую адзежу, яна доўга, асцярожна гладзіла яе на каленях сваімі каравымі, кашчавымі рукамі. Пры гэтым бабуля схіляла галаву то ў адзін бок, то ў другі. Яна не магла налюбавацца.

А хустка сапраўды была прыгожая: уся ў буйных ружовых кветках, рассыпаных па зялёным полі. Сцяблінкі і лісточкі руж былі такія яркія, як траўка вясной.

Калі бабуля крадком накінула хустку на галаву, я не вытрымаў:

— Баб, а ты прыгожая!

Яна сапраўды быццам памаладзела, упалыя шчокі паружавелі, радаснымі іскрынкамі засвяціліся вочы. Пачуўшы мой голас, бабуля чамусьці спалохалася, хуценька сцягнула гаруску з галавы і няветліва адгукнулася:

— Прыбяры і пень, цык прыгожы стане.

Так і вісіць з той пары чорны клунак побач з цыбуляй.

Сёння бабуля ў добрым настроі. Яна хутка выпаліла ў печы, зачыніла комін, каб дарма не грэць неба, падмяла ў хаце, загнала пад печ курэй, а потым немаведама з якога свята дала нам з Глыжкам па жмені гарбузовых семак. Астатнія зноў кудысьці схавала. Гэта на насенне.

Глыжка не ўмее лузгаць семкі. Ён іх есць з шалупінамі. Вось бабуля і калупае яму старымі чорнымі пазногцямі: абшчыпле беражкі, спрытна расшчэпіць белыя створкі і пакладзе семку на падушку.

— Гусачка,— гаворыць яна.

Семкі сапраўды падобныя на маленькіх гусянятак, зялёненькія, доўгенькія і з дзюбачкай. Глыжка бярэ гэтых гусачак з падушкі і ў рот. Добра, што ў бабулі няма зубоў,— сама ніводнай не з'есць.

Застукалі ў сенцах боты, рыпнулі дзверы, і па хаце пракацілася белае воблачка марознага паветра. Няўмыка паляпаў рукавіцамі, пацёр імі пунсовыя вушы і сказаў:

— Эх і мароз. Пячэ...

— Пячэ,— адгукнулася бабуля, жвава злазячы з печы.— Пячэ, аж з носа цячэ.