Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 52

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Ты памыі злівай у ражку — кабанчык паесць...

— А няхай ён выпрастаецца,— кляне яго ў адчаі бабуля.

Мы з Глыжкам ляжым на печы. Брат спалохана прыціснуўся да мяне, збіраецца плакаць. «Шкадуй браціка»,— сказала маці. I я заплакаў першы. Няхай толькі хто яго пальцам кране — у зубы дам.

Ласкава прыгравае спадыспаду чарэнь, шамаціць па сценах калючы снег ды завывае ў коміне вецер. Холадна на вуліцы, холадна на могілках, холадна, відаць, і там, дзе зараз мой бацька. Возьме ён мачыху ці не возьме, а хутчэй бы прыйшоў.

21. Мой кажушок i Германiя

На дварэ зіма, а мне трызніцца спякотная, сонечная Афрыка. Я начытаўся пра яе ў кніжках, што нацягаў са школы. У Афрыцы душна і страшна і навокал ні кропелькі вады. Я прабіраюся праз непралазныя джунглі, галіны дзівосных дрэў б'юць мяне па твары гарачым лісцем.

— Вады! Вады! — крычу я.

А за маёй спіной трашчыць буралом. Гляджу — тыгр! Вялізны тыгр падрыхтаваўся да скачка. У маіх руках вінтоўка і побач скрынка патронаў, якія мы знайшлі з Санькам, але ў вінтоўкі не адкрываецца затвор... Цэлюся, а тыгр шэпча:

— Госпадзі, божа мой, і за што такая напасць...

А потым кідаецца на мяне і абдымае гарачымі, ласкавымі лапамі.

— Не раскрывайся,— просіць ён.

Тыгр пахне кажухом.

Затым у нейкім ружовым тумане ўзнікае баба Гапа. Яна водзіць перад маім тварам гарачым вугальком, плюе ў розныя бакі і шэптам загадвае, каб хтосьці з мяне выйшаў, ды на чыстае поле, ды на сухі лес...

А потым загарзлася наша хата. Я кідаюся па печы, хачу выскачыць з полымя і куды ні ткнуся — сцяна.

— Пакладзіце яму на лоб мокрую анучу,— замест таго каб тушыць пажар, раіць Гапа. I ўсё сціхае.

А раніцой мне стала дзіўна: хата цэлая, і знаходжуся я не ў афрыканскіх джунглях, а на печы. Побач сядзіць мурзаты Глыжка і спалоханымі, круглымі вачанятамі глядзіць на мяне. На вокнах снежныя лахматыя кажухі. Шыпяць і страляюць у печы сырыя дровы, грукае ў парозе качарга. Па хаце ходзіць певень з чорным, абмарожаным грэбенем.

— Баб, снедаць,— папрасіў я і сам не пазнаў свайго голасу: нібы сляпое кацяня прапішчала.

Бабуля жвава ўскарабкалася на прыпечак, і мне стала аж смешна: нос вымазаны ў сажу, з-пад хусткі, якую яна сабе зрабіла са старой байкавай коўдры, звісае на лоб рэдкая пасмачка валасоў.

— Ну, значыць, выкараскаўся,— узрадавалася яна.— Гэта ж трэба, паўзімы праваляўся.

Зашорхала па драчцы бульба, загрымела перад печчу патэльня, і вось ужо дымяцца ў місцы гарачыя драчонікі з ружовай скарыначкай. Для такога выпадку старая дзесьці раздабыла нават скварку здору. Я яго ўжо сто гадоў, мабыць, не еў.

Сядзіць бабуля побач са мной на краі чарэні і глядзіць мне ў рот.

— Еш, унук, еш. Бачыш, як Грыша ўмінае...

Добрая ўсё ж у нас бабуля, хоць іншы раз і сварыцца, хоць ёй часта і здаецца, што ў нас растуць рогі, што йы нячысцікі і ідалы... А вось сёння ласказая, спагадлівая. Шкада толькі, што і яна збіраецца паміраць. Пра гэта бабуля часта гаворыць, асабліва, калі мы з Глыжкам не слухаемся.