Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 51

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Мабыць, велікаватая? — пытаецца хтосьці з мужчын пра дамавіну.

— 3 вялікага не вываліцца...

Хто не вываліцца? Ага, мая маці не вываліцца.

Яе ўкрылі толькі адной марляй. Марля наскрозь свіціцца. А на вуліцы мароз. Мароз і мяцеліца. Чаму яны не ўкрыюць яе коўдрай? Навошта яны абулі яе ў чуні з палатна? А самі ж у бурках, у світках, у кажухах...

Падаюць белыя сняжынкі, кружацца, прыліпаюць да маіх шчок і скочваюцца расой. А на матчыным твары не растаюць, не растаюць на губах. Паляжаць, паляжаць, пакуль не здзьме іх вецер, і падаюць новыя.

Глыжка цягнецца побач са мной. Ен не скардзіцца на глыбокі снег. Ен нічога ў мяне не пытае, а проста са здзіўленнем глядзіць на ўсё, што робіцца навокал, і маўчыць. Спачатку Глыжка не хацеў ісці, а хацеў ехаць разам з маткай на санях. Дзед не дазволіў — замерзне, прастудзіцца.

...Усе моўчкі сядзяць за сталом. Скачыха і баба Гапа носяць міскі з гарачым баршчом. А на куце спалохана мігае лампадка, іскрыцца пазалота багамацеры, вастраносай, худой, з вялікімі сумнымі вачыма.

Глуха стукнуў кавалак хлеба аб стол, як мёрзлы камяк зямлі аб века дамавіны. Гэта дзед Мікалай, наразаючы лусты, незнарок упусціў акраец. I вось заскрабалі па місках лыжкі...

— Паспытайце, дзеткі, канону. Паспытайце,— просіць нас Чмышыха. А сама ўжо пхае за абедзве шчакі. Канон — гэта хлеб, накрышаны ў ваду, падсалоджаную мёдам. Канон пахне свечкай, якую маці трымала ў руках, і ён мне не лезе ў горла. Але для прыліку трэба ж хоць лыжку памачыць.

А Глыжку канон спадабаўся: салодкі. Калі ўсе сваякі і суседзі яго паспрабавалі, Глыжка падцягнуў да сябе міску і пачаў скрабаць па дну.

— Дзіцё. Што яму? — уздыхнула баба Гапа і ражком хусткі выцерла вочы.

— Бог даў, бог і ўзяў,— адгукнулася на гэта Маўра, са смакам абгрызаючы костку.

— Выпіце яшчэ па адной! — просіць Скачыха, наліваючы з запацелай бутэлькі мутную самагонку,— няхай ёй зямля пухам будзе.

Ад выпітай гарэлкі, ад гарачага баршчу ўсе разамлелі, у многіх пачалі заплятацца языкі. Расчырванеліся жанчыны. Ім стала вельмі шкада нас з Глыжкам.

— Ей цяпер што? — чуецца з аднаго боку.— Вось гэтым дастанецца...

— Пакуль баба жывая, не памруць,— абнадзейвае хтось з другога боку.

— А колькі той бабы засталося?

— Слухайце; дзеткі, бабу. Слухайце,— са слязьмі ў голасе просіць цётка Марына. За апошнія дні яна асунулася, схуднела, вочы чырвоныя, наплаканыя, і яе цудоўны, звонкі голас стаў хрыплы: сарвала, галасіўшы.

— Э-э, каб бацька быў,— уздыхае нехта.

— Калі бацька памрэ, дзеці пры матцы, а калі маці памрэ — дзеці сіроты! — адрэзала манашка, жуючы пампушку.

— Што праўда, то праўда,— згадзілася Скачыха.— Прыйдзе, мачыху возьме, бабу выганіць...

Тут дзед Мікалай не вытрымаў, памацаў свае вусы і буркнуў:

— Добра з хрэнам, добра і так. Пра дзікае вы журыцеся, а яно абрасце — і ў вырай. Няхай спачатку прыйдзе...

Я быў удзячны дзеду. Чаго яны прычапіліся? Лепш бы грызлі свае косткі ды сёрбалі боршч.

Спалохана мігае перад багародзіцай лампада. За вокнамі цёмна і страшна. Усе даўно разышліся, толькі суседка і цётка Марына дапамагаюць бабулі прыбраць са стала. Яны грукаюць лыжкамі, міскамі, чыгункамі, і я чую, як Скачыха дае парады: