Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 50

Iван Kiрэевiч Сяркоў

На куце, уткнуўшы нос у тоўстую кнігу, гугнявіць нейкія незразумелыя словы Чмыхава Маўра, пажылая жанчына з сытым тварам, як намазаным здорам. Яе ўсе завуць у нас манашкай. Папа ў нашай вёсцы даўно няма, вось Маўра і зарабляе сабе хлеб на нябожчыках.

На кончыку яе мясістага носа старыя, трэснутыя акуляры. Здаецца, яны вось-вось зваляцца на падлогу і разаб'юцца зусім. I тады ўсё скончыцца. Скончыцца гэтае гугнявае спяванне, гэтае бясконцае «госпадзі, памілуй; госпадзі, памілуй; госпадзі, памі-і-і-луй»...

Маўрын голас, як чад. Ад яго ў мяне баліць галава, ад яго няма ратунку ні на печы, ні ў парозе, ні за дзвярыма.

3 самай раніцы ў нас поўная хата жанчын. Яны заходзяць ціха, у парозе неяк баязліва, паспешліва хрысцяцца і выцягваюць шыі, заглядваюць цераз галовы пярэдніх, а потым шэптам робяць свае заўвагі:

— Адмучылася, бедная...

— Вось сірот толькі пакінула...

— Глядзі ты, як жывая...

— Дык маладая ж яшчэ зусім. I сарака няма...

— Эх, такі бабскі век...

— А большы, глядзі-тка, не плача...

— У бацьку пайшоў, цвердакаменны...

— А меншаму гэта ж колькі? Ай-я-яй, мабыць, і помніць маці не будзе...

— Будзе. Я сваю помню, хоць і малая засталася...

— Ну, цяпер цёці-Моці дастанецца...

А я і сапраўды не плачу. I хацеў бы, ды няма чым.

Чамусьці мне ўспомнілася, як даўно, калі я не хадзіў і ў школу, да нас прыехала «хуткая дапамога». Хата гарэла ясным полымем. Нада мной схіліўся нейкі дзядзька ў белым і штосьці такое сказаў. Тады я пачуў, як загаласіла маці. Яна галасіла, нібы па нябожчыку, ірвала валасы на галаве, падала на канапу і білася галавой аб сцяну. Белы дзядзька не ведаў, каго ратаваць — мяне ці яе.

А потым шыбы ў бальнічным акне. Кожны дзень раніцой я хукаў на іх, каб сышла намаразь, і ў маленькую, як гузік, адтуліну выглядваў на вуліцу. Пад акном стаяла яна, мая маці, і радасна ўсміхалася.

Суседская дзяўчынка Валька, якую не аддалі ў бальніцу, памерла, яе задушыла шкарлятына, а мяне бацька прывёз дамоў на санях жывога.

Зараз маці ляжыць на лаве.

Мне здаецца, што я — гэта зусім і не я, а хтосьці іншы, пабочны. У печы ярка гараць дровы, аж агонь скача ў комін. Кіпяць чыгуны. Вялікія чыгуны. Свіныя. А ў іх вараць сёння боршч і кашу. Каля печы круцяцца чужыя цёткі. I чаго яны тут круцяцца?

Па двары ходзяць чужыя дзядзькі. Вось Скок выцягнуў з дрывотні дошку, паклаў яе на ўтаптаны снег і прайшоўся рубанкам. Ружовыя, кучаравыя стружкі ўюцца клубкамі, падаюць на снег. Скрыгае аб сухі смалісты сучок лязо. Не хоча стругацца сучок.

Нейкія мужчыны топчуцца з ламамі і рыдлёўкамі, смаляць цыгаркі.

Не ў час памерла,— уздыхаюць,— зямля будзе, як камень.

Дзед Мікалай туляецца па двары, зазірае ў хлеў, пад павець. Вось ён цягне абярэмак сена. Куды гэта сена? Карове? А навошта карове сена? У руках у Скока бацькава сякера. 3-пад яе адлятаюць буйныя трэскі. Іх збірае Скачыха ў прыпол: у печы пампушкі не запякаюцца.