Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 49

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Я думаў, што мне гэта пройдзе сном. Не прайшло. Абодвух яна прывалакла ў хату за вушы.

— Дык вось дзе Малашыхін чартакож! — здагадалася ўрэшце яна і кінула на швейную машыну нашы армейскія мяшкі.— Паглядзі, што яны вырабляюць...

I вось мы цэлую гадзіну стаім перад ёй, як ёлупні, апусціўшы ўніз вочы. На нашы галовы, як з мяшка, сыплюцца розныя праклёны і пагрозы.

Цётка Марфешка ніяк не можа супакоіцца. Звычайна яна размаўляе па-нашаму, па-падлюбскаму, а калі раззлуецца, тут ужо рэжа па-свойму.

— А такэ дурнэ, а такэ ж лядашчэ,— гаворыць яна пра Саньку.

I я таксама «дурнэ» і «лядашчэ»...

— Каб вы сказылыся, хай вам грэц!

Мы нічога супраць гэтага не маем, абы да вяроўкі не дайшло. Санька вінавата шморгае носам. Я разглядваю свае буркі. На адным з іх са свежай дзіркі тырчыць клок рыжай ваты. Трэба неяк запхаць яе пад матэрыю, а то будуць мне дома ад бабулі добрыя партызаны... А за акном на двары крадзецца да сініцы стары Санькаў кот. Сініца жвавая, спрытная: скок-скок — і на вішню. Кот толькі аблізнуўся. Так табе і трэба, лайдак.

— Гэць відсюля під тры чарты, скажэны! — пужнула нас з хаты цётка Марфешка, і мы выпырхнулі за парог.

20. А моей мацi ўжо не холадна

У хаце ў нас пахне лякарствамі. Матчына сястра, цётка Марына, цяпер прыходзіць да нас кожны вечар. Сядзе яна на ўслончыку супраць ложка і ціха плача:

— А мая ж ты дзеўка, а мая ж ты сястрыца... Нас з Глыжкам быццам і няма ў хаце: ходзім на дыбачках, не смяёмся, не гуляем — сланяемся з кутка ў куток, прытулку не знойдзем.

У той вечар маці паклікала нас да сябе.

— Нахіліся,— папрасіла яна мяне і, пагладзіўшы маю галаву гарачай рукой, зашаптала: — Горкія вы мае...

Буйная слязіна скацілася па апухлай шчацэ і павісла на мочцы вуха, як пацерка.

— Будзьце харошыя... Прыйдзе бацька... Шкадуй браціка...

Глыжка стаіць побач, насупіўся. Ен не зусім добра разумее, што адбываецца, і таму нясмела пытае:

— Мам, а ты куды?..

Мы спалі на печы, і ноччу мне здалося, што за каўнер зваліўся вялікі прусак. Я адчуў, як ён бегае па плячах, і са страху падхапіўся, заграбаў за каўняром рукамі, стараючыся скінуць гэтую дрэнь.

Потым прыгледзеўся і зразумеў, што здарылася. Цётка галосіць над пасцеллю, а ў матчыных руках свечка. Бабуля разгублена бегае па хаце, і па сценах спалохана мітусяцца яе цені: адзін ад свечкі, а другі ад каганца.

Я саскочыў з печы, падбег да ложка. Маці ляжыць строгая, на яе васковым твары застаўся ўрачысты спакой. Мне не верыцца, не хочацца верыць. Можа, ёй проста стала лягчэй і яна заснула. Але свечка... I гэты цётчын голас. Ад яго мароз па спіне...

Раніцой я хаджу, як у цяжкім, страшным сне. Маці ляжыць на лаве, прыбраная ў новую кофту і спадніцу. На лбе, як павязка, нейкая жоўтая паперка. На ёй штосьці намалявана, штосьці напісана. А ў руках, складзеных пад грудзьмі, усё тая свечка. Свечкамі прапахла ўся хата, я чую іх мядовы, прытарны пах нават на двары.