Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 45

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— А-а-а! — павіс над натоўпам надрыўны жаночы стогн.

— У-ух! — уздыхнула вёска сотнямі грудзей.

Я расплюшчыў вочы. Іх засталося двое. Максім Здор не хоча падаць. Стараючыся ўтрымаць раўнавагу, ён робіць крок назад, а потым нахіляецца наперад і ідзе, быццам супраць моцнага ветру. Цімафей Іванавіч стаіць на каленях і вобмацкам шукае ў пакрытай інеем траве свае акуляры. Нарэшце акуляры знайшліся. Стары зноў хукае на шкельцы...

Зноў закрычалі вароны. Зноў вострым болем паласнула па сэрцы працяжнае, пякучае:

— А-а-а!

Немцы не дазволілі забраць забітых дамоў. Сіплы перакладчык растлумачыў, што яны будуць ляжаць непахаванымі тут некалькі дзён, каб усе маглі іх бачыць.

Яны ляжаць у сухім бадыллі. Вакол валяюцца ржавыя бляшанкі з-пад кансерваў, абрэзкі ліставога жалеза, бітае шкло, кавалкі калючага дроту — у гэтую яму раней ссыпалі смецце. Толькі Максім застаўся наверсе. Ён распластаўся на сырой сцяжынцы ва ўвесь рост — вялікі, дужы. Хтосьці чыстай хусцінкай прыкрыў яго твар. I калі вецер падняў край хусцінкі, Максім зірнуў на мяне шкляным вокам. У гэтым позірку не было ні страху, ні здзіўлення, ні болю.

— Мая ты ясачка, мая ты красачка,— убівалася над Кацяй старая маці.

Дамоў ішлі моўчкі. Толькі Скок, ужо развітваючыся з намі, асуджальна паківаў галавой і кінуў адно-адзінае слова:

— Дасядзеліся...

На гэта дзед Мікалай зазначыў:

— Ім цяпер усё роўна, а мы яшчэ запяём Лазара...

Ужо вечарам дома, кладучыся спаць, я ўспомніў гэтыя дзедавы словы і спытаў у бабулі:

— А як гэта пяюць Лазара?

Бабуля, расчэсваючы рэдкія валасы, уздыхнула:

— Пажывеш — убачыш...

А потым адклала ўбок грэбень і заспявала цягучым, старэчым голасам:

Як быў у нас Лазар, Iя яго знаў... Меў скарынку хлеба, Й тую хтось украў...

Цьмяна хліпае кволы агеньчык каганца. Бабуля, седзячы на краі чарэні, у такт словам ківаецца ўсiм тулавам, і вастраносы цень паўтарае яе рухі на сцяне.

— Баб, паглядзі,— смяецца Глыжка.

Стогне на ложку хворая маці.

Стогне ў коміне вецер.

18. Радасны выспятак

Зіма лягла дружна. Звечара клаліся спаць — на дварэ была чорная, мёрзлая зямля, чорныя стрэхі, голыя, панурыя вербы, а раніцой усталі — нават у хаце святлей, чым заўсёды. Ноччу выпаў снег.

Мы з Глыжкам устыкнулі на босую нагу бурку і без шапак і світак выбеглі на вуліцу. Ну і прыгажосць жа навокал! Белым абрусам пакрыты двары, вуліцы і агароды, кудлатымі лапамі абвіслі пад цяжарам снегу галіны вербаў. А паветра, як морс,— так і піў бы бясконца. Мы былі вельмі рады снегу. Глыжка нават з'еў яго трошкі. Шкада, што не салодкі.

Пачатак зімы — заўсёды радасны для нас, хлапчукоў, час. Хоць ідзе вайна, а пакатацца на санках з гары хочацца. I мы цэлымі днямі стынем цяпер на вуліцы, цягаем на гару санкі.

Тут пачуеш розныя хлапчукоўскія навіны. Вось стаіць Міцька Малах, паспускаў доўгія рукавы зашмальцаванай, дзіравай матчынай ватоўкі і ківае галавой нам з Санькам. Мы цягнем на гару Глыжку, які ў бабулінай хустцы, завязанай па самыя вочы, рассеўся на санках, нібы капа. Старыя, стаптаныя буркі яму ледзь не па пояс — ног не сагнеш.