Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 43

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Мая галава быццам на шрубе круціцца ва ўсе бакі. Усё хочацца ўбачыць, усё пачуць. Як скрозь туман даносяцца галасы.

— Усіх жа не будуць страляць,— супакойвае сябе хрыплы бас.

— У зубы табе паглядзяць,— злосна адказвае другі.

— Можа, паперу якую прычытаюць і адпусцяць,— спадзяецца трэці.

I тут жа той самы злосны адгукваецца:

— Можа — надвае варожа...

— Мам, а чаму мы не ідзём да бабы? — цікавіцца хлопчык год трох.

— Пойдзем, пойдзем,— абяцае маці.

— Кажуць, і фельчара забралі: кагосьці там хаваў...

— Цыц ты! Не мялі...

— Сядзелі б ціха — не было б ліха...

— Мам, хлеба,— хныкае хлапчанё.

Прыгналі яшчэ людзей. 3 Хутара. Мяне неяк адціснулі ўбок. Дзед Мікалай з бабуляй згубіліся, але затое знайшоўся Санька. Ен узрадавана спытаў:

— I ты тут?

I, не даўшы мне рота раскрыць, зашаптаў у самае вуха:

— Апалчэнцаў забралі... I фельчара. Ен зброю хаваў. Чырвонаармейца, якога ён лячыў, таксама... Максіма Здора катавалі.

Працуючы локцямі і галавой сярод цесна спрасаваных світак, кажухоў, дзе прыгінаючыся, дзе бокам, мы сталі прабівацца наперад.

— Угаманіцеся, гайдамакі! — зашыпела нейкая цётка.

А хутарскі дзядзька даў Саньку па патыліцы так, што шапка налезла на вочы. Але мы ўсё ж прабраліся, куды хацелі. Цяпер нам усё відаць.

Афіцэр ужо стаіць на ганку школы і ўсё смаліць свае цыгарэткі. Твар доўгі, што агурок. Высокі картуз сядлом робіць яго яшчэ болын выцягнутым.

За афіцэрам пераступае з нагі на нагу нейкі цывільны дзядзька ў шэрым суконным паліто з футравым каўняром. Калі на яго кідае позіркі афіцэр, дзядзька чамусьці ўсміхаецца, паказваючы шчарбатыя зубы.

— Яшчэ смяецца, падлюга,— заўважае Санька, свідруючы шчарбатага вачыма з-пад наехаўшай на лоб бацькавай шапкі.

I раптам афіцэр пстрыкнуў акурак чорнымі скуранымі пальцамі проста ў наш бок. Акурак упаў Саньку пад ногі і задыміў пасярод лужыны, пакрытай за ноч кволым лядком.

Афіцэрская прамова была кароткая. Ен, як раззлаваны гусак, штосьці крычаў, звяртаючыся да натоўпу, і яго высокае «ге-ге-ге» кацілася над усім цвінтарам. Затым выйшаў наперад шчарбаты.

— Пан афіцэр гаворыць,— засіпеў ён прастуджаным голасам,— што нямецкія ўлады высока цэняць і паважаюць тых, хто падтрымлівае спакой і парадак, хто выконвае...

Тут ён запнуўся, праглынуў, нібы гарачую бульбіну, нейкае незразумелае слова і доўга хапаў ротам паветра. Нарэшце яму ўдалося злавіць шчарбатымі зубамі канец наступнага сказа, і зноў у галовы людзей паляцелі цяжкія, як цагліны, словы:

— ...іх распараджэнні і загады...

— ...сурова карае тых, хто...

I пад канец бухнуў самы цяжкі камень:

— ...будуць расстраляны.

Мне здалося, што мы з Санькам тут стаім адны: уся вёска стаіла дыханне. А шчарбаты выцягнуў паперу і пачаў чытаць прозвішчы. Пад сэрцам загуляў халадок: можа, і мы туды з Санькам трапілі?

— А божачка літасцівы,— не вытрымала нейкая жанчына.

— Мам, хлеба,— заенчыла хлапчанё.

— Ціха, дзіцятка, ціха. Вунь верабейка скача...

— А на каго ж ты мяне па-кі-да-а-еш? — залямантавала прарэзлівым голасам нейкая жанчына.

I раптам па натоўпу прайшоўся гул: