Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 46

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Дайце з'ехаць пяць разоў,— просіць Міцька,— штосьці скажу.

— Нічога ты не скажаш, Мангол,— сумняваецца Санька і прыўзнімае чырвонай, як гусіная лапа, рукой бацькаву шапку з вачэй.

Міцька божыцца страшэннай бажбой і, азірнуўшыся чамусьці па баках, паўшэптам паведамляе:

— У Стараселлі партызаны былі...

— Брэшаш! — не паверылі мы з Санькам.

— Каб я праваліўся,— клянецца Міцька.— Мая маці туды ўчора хадзіла да цёткі. Ёй цётка расказвала. Ноччу прыйшлі, старасту забралі і ўсіх паліцэйскіх. Толькі адзін уцёк. Ну і расстралялі іх...

— Каго? Партызан? — не зразумеў Санька.

Міцька глянуў на яго з пагардай і нават цыркнуў слінай скрозь зубы.

— Дурань ты. Паліцэйскіх расстралялі...

— Можа, і да нас прыйдуць? — спытаў я ў Міцькі. Чамусьці думалася, што ён і пра гэта ведае. Міцька пастаяў, падумаў, капнуў пятой пару разоў снег і ўпэўнена сказаў:

— Не. У нас горад пад бокам, а лес далёка.

Пра партызан іншы раз можна пачуць і ад дарослых.

Да нас часта вечарамі прыходзяць жанчыны: Скачыха, баба Гапа, цётка Марына. Гэта каб маці весялей было. Сядуць яны каля яе ложка і пачынаюць ціха свае бясконцыя размовы.

— Такі кісель атрымліваецца з буракоў, такі кісель, што не трэба і твой цукар,— цмокае губамі ад задавальнення Скачыха.— Закваскі нанач у іх пакладзеш і ў печ, а раніцой...

Пагавораць пра кісель.

А потым цётка Марына пачынае скардзіцца:

— Мой зусім з глузду з'ехаў, здзяцініўся. Прыцягнуў дамоў нейкую скрыню і ў салому схаваў. Адчыніла я, а там — госпадзі, божа літасцівы — гэтыя во... як іх... ну, што хлопцу з пасёлка руку адарвала...

— Гранаты,— падказваю я з печы, але на мяне не звяртаюць увагі.

— Куды ты, кажу я яму, хваробу гэтую прынёс. Дзеці ж у хаце. А ён — не суй, кажа, носа не ў сваё проса. Рыбу глушыць буду...

I тут баба Гапа ў размову ўвязваецца.

— А ці чулі вы, мае дзяўчаткі, што ў Чысталужжы было. Пайшоў мой брацельнік у лес ламачча якога назбіраць, бо паліць жа людзям нечага, а там сустракаюць яго двое з ружжамі. Ну, мой брацельнік ужо і богу памаліўся... А яны толькі спыталі, хто ёсць у сяле. Тытунь, праўда, забралі... Ды сказалі, каб язык прыкусіў...

— Ай-я-яй-я-яй,— уздыхае чамусьці Скачыха. Ці ёй шкада таго тытуню, ці так чаго — не ведаю.

Але ходзяць па сялу і іншыя чуткі: немцы Маскву забралі. Пра гэта Няўмыка на кожным рагу менціць:

— Усё цяпер. Амба. Масква цяпер наша.

Толькі людзі гавораць рознае. Адны вераць, другія не вераць. Дзед Мірон, калі мы з Санькам яму паведамілі пра Няўмыкавы прамовы, чамусьці на нас раззлаваўся. Глянуў з-пад броваў, як з-пад стрэх, усадзіў сякеру ў калодку, выцер спацелы лоб і спытаў:

— Вы што, хлопцы? У Няўмыкі памочнікамі? Сабака брэша, а вы па сялу разносіце. Не можа таго быць!

Дзядзька Захар ходзіць хмара хмарай. Паткнуліся мы да яго са сваімі роспытамі, а ён як гыркне:

— Адкуль я ведаю? Адчапіцеся, смаркачы!

I паскакаў з вядром да калодзежа.

На шашы мы сустрэлі трох немцаў. Ідуць яны, цокаюць каванымі абцасамі па каменні і весела гергечуць. Тут Санька асмеліўся і здалёк крыкнуў: