Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 44

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Вядуць...

На школьны ганак іх выводзілі па аднаму. Першым паказаўся Максім Здор — камуніст, калгасны брыгадзір. Казалі, што ён, калі адступалі нашы, кудысьці сышоў, ды чамусьці вярнуўся. Пры вобыску ў яго знайшлі наган і хацелі захапіць нейкія паперы, ды Максім паспеў іх сунуць у грубку. Застаўся адзін попел.

Убачыўшы Максіма, я спалохаўся і хацеў зноў схавацца за світкі і кажухі, але мае дзіравыя буркі нібы прымёрзлі да зямлі. Жах застыў у шырока расплюшчаных вачах Санькі. Камандзір апалчэнцаў быў у парванай сподняй кашулі. Адна штаніна разадрана да калена. Валасы на галаве зліпліся і спадаюць на лоб крывавым камяком. Шырокім пацёкам запяклася кроў на правай няголенай шчацэ.

Ён ступае босымі нагамі па замёрзлай зямлі, па тонкаму лёду лужын, і чорная, халодная вада б'е пырскамі са шчылін угару, расплываецца бруднымі плямамі.

Але больш за ўсё мяне ўразілі вочы. У іх не было страху, а толькі смутак і нямы папрок.

Многія пад яго позіркам апускалі галовы, быццам у чым вінаватыя.

I раптам вёска зашумела. 3 натоўпу выбегла жанчына, без хусткі, з доўгімі, растрапанымі валасамі. Яна адштурхнула немца з аўтаматам і павісла на шыі Максіма.

— Ой, галубок ты мой ненаглядны! Ой, саколік мой ясны... А твае ж дзетачкі драбней маку...

Немец разгубіўся, але не разгубіўся Няўмыка. Ён узнік быццам з-пад зямлі, размахнуўся і ўдарыў Здорыху па галаве прыкладам. Нават гэхнуў, як гэта робяць дрывасекі.

Жанчына ціха спаўзла пад ногі. Максім памкнуўся быў да Няўмыкі, але да яго падбегла яшчэ некалькі немцаў.

Іх выводзілі па аднаму. Дзесяць чалавек. Дзевяць нашых і адзін у чырвонаармейскім адзенні, незнаёмы.

— Перадайце ў Залужжа Нятылькінай Хадоры. Не дайшоў я...— крыкнуў ён.

За маёй спіной нейкая бабуля ціха спытала:

— I як гэта бог церпіць?

Але ёй ніхто нічога не адказаў.

Непадалёку ад царквы, на краі цвінтара, стаяў надмагільны помнік. Гэта быў вялізны граніт, адпаліраваны з аднаго боку. На гладкай бліскучай паверхні выбіты літары: «Раб божий Павел 1853—1910». 3 расказаў бабулі я ведаў, што раб божы Павел — бацька айца Платона, а айцец Платон — апошні поп нашай вёскі.

Граніт урос у зямлю, вакол яго густыя зараснікі палыну, а зверху цяжкі чыгунны крыж. На гэтым камені пад крыжам немцы паставілі кулямёт. Адзін з іх зараз дзелавіта запраўляе стужку з патронамі, а другі ботамі прымінае да зямлі сухое бадыллё, каб не перашкаджала цэліцца.

Апалчэнцаў, фельчара і палоннага чырвонаармейца паставілі на краі старой, зарослай палыном сіласнай ямы. Халодны вецер развявае шматкі падранай Максімавай кашулі. Фельчар чамусьці зняў акуляры і хукае на шкельцы. Спіна сагнута крукам, вострая сівая бародка клінам тырчыць наперад.

Іх дзесяць. Дзевяць мужчын і адна дзяўчына — камсамолка Каця Бароўская — маленькая, худзенькая. Дзяўчына бездапаможна азіралася навокал, сцепалася ад холаду. Але раптам яна выпрасталася, павярнула галаву да людзей і крыкнула:

— Бывай, мама! Бывайце, людзі...

Каска схілілася да кулямёта, і звонкі дзявочы голас абарваўся. Кулямёт прашыў насцярожаную цішыню кароткай чаргой і захліпнуўся. Зазвінела ў вушах, закружылася над таполямі ўстрывожанае вараннё.