Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 47

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Пан, Масква капут?

Немцы спыніліся, змералі нас вачыма з ног да галавы і заржалі:

— Я-я! Москаў капут!

На другі дзень з самай раніцы ўвальваецца да нас ў хату яшчэ адзін фашыст.

— Матка, яйкі. Москаў капут!

— Якія табе яйкі-хварабайкі зімой? — адказала яму бабуля.

Калі ён выйшаў з хаты, буркнула:

— Бач, чэрці, раскапуткаліся...

Мінуў тыдзень ці два. I вось аднойчы прыбягае да нас Санька, радасны, усхваляваны. Не паспеў дзверы зачыніць, як адразу пахваліўся:

— Мне немец выспятка даў!

Бабуля засмяялася.

— Во, шчасце табе, мой хлопец, падваліла. I як гэта табе толькі ўдалося?

Санька абмятае ад снегу ногі і расказвае з пятага на дзесятае:

— Яны ў нас жывуць пяты дзень. Кожны дзень я ў іх пытаў: пан, Масква капут? Капут, кажуць, капут... А сёння раніцой я зноў: пан, Масква... А ён мне выспятка як дасць! Аж я аб ступу лбом! Во! — I Санька, сцягнуўшы шапку з галавы, паказаў гуз.— Памацай! — сказаў ён.

Я памацаў, гуз быў вялікі і цвёрды.

— Дык чаму ж гэта ён, ірад? — здзівілася бабуля.

— Таму,— шматзначна адказаў Санька.

Цэлы тыдзень усім хваліўся мой сябар нямецкім выспяткам. А тым, хто не верыў, дазваляў памацаць гуз. Дарослыя смяяліся. Скок цяпер не гыркаў на нас, а доўга распытваў, як яно было, і потым пляснуў у далоні:

— А мой жа ты татка, во і пачалося... А яны думалі...

Пахваліўся Санька сваім гузам і дзеду Мірону. Дзед таксама смяяўся, аж слёзы на вачах з'явіліся.

— Мабыць, ім пад Масквой далі выспятка,— сказаў ён, уволю нарагатаўшыся.

— Немец, напэўна, падумаў, што я дражнюся,— радаваўся Санька сваёй удачы.

19. Як нас падвеў кот

Аднойчы Коля Бурэц пахваліўся, што ў яго ёсць дзве гранаты. Мы з Санькам і прычапіліся да яго, як сляпы да плота: або дай, або прадай.

— А навошта в-в-вам? — хітра жмурыць Коля свае цьіганскія вочы.

— Рыбу глушыць будзем,— выдумляю я.

— І-і-і я буду,— упіраецца Коля.

— Мы табе рагатку дадзім,— абяцае Санька.

Бурэц крыху падумаў, паскроб патыліцу і адрэзаў:

— Н-не. Мне с-с-самому трэба.

Ну і хітры ж гэты Заяц: цягнуў з нас жылы, пакуль увесь процівагаз за адну гранату не выцыганіў. Давялося аддаць, хоць і шкада было. Але без процівагаза можна абысціся: газаў пакуль што не пускаюць. Ды і процівагаз не такі ўжо і ўвесь. Пару лямак на рагаткі мы ад яго адрэзалі.

Дык і граната была не бог ведае якая. Праўда, з рабрыстым кожухам, з ручкай, але без капсуля. Толькі, што ні кажы, граната ёсць граната. Боепрыпас.

Мы занеслі гранату на гарышча Санькавай хаты. Цяпер там захоўваецца ўсё наша снаражэнне. Патроны яшчэ восенню адкапалі і перахавалі ў салому.

Санькава маці, цётка Марфешка, не любіць, каб мы па гарышчы хадзілі, бо тады ў хаце рыпіць старая столь і ў шчыліны паміж дошак сыплецца кастрыца.

— Ціха! — шэпча Санька, прыкладаючы палец да губ, і першы бярэцца за лесвіцу. Ен лезе па ёй асцярожна, каб не стукнула, не грукнула. Вось зніклі за апошнім бервяном яго буркі, і тады пачынаю я: стану на адну перакладзіну, паслухаю і зноў.

На гарышчы цемнавата, салома прыцярушана дробным сняжком, а пад стрэхі дык цэлыя гурбы намяло. Ды ўсё ж тут не так, як на вуліцы,— больш зацішна. А ля коміна і зусім добра — можна пагрэць рукі, крыху пасядзець і пашаптацца без лішніх сведак.