Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 42

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Ты ж глядзі, куды льеш, чорт сухарукі.

Затое, калі немец прывёў другога біцюга, першы ўжо і глядзець не хацеў на ваду. Ён пужліва адварочваўся ад вядра і, ідучы задам, цягнуў за повад Саньку.

Другога мы напаілі такім жа чынам і далажылі фурманшчыку:

— Гатова, пан! Не хоча болей.

— Гут, гут,— пахваліў нас немец, і мы пабеглі ад калодзежа здаволеныя. Будзем мы іх коней паіць. Знайшлі дурняў.

17. Кулямет пад крыжам

Я з Глыжкам яшчэ ляжу на печы, чакаю снедання, а бабуля падаіла ўжо карову, бразгае даёнкай па ўслоне, цэдзіць у гладышы малако. У печы дрэнна разгараюцца дровы. Яны шыпяць на розныя лады і гучна страляюць. Бабуля праклінае іх страшнымі праклёнамі і ўсё здзіўляецца, чаму гэта ў багатага поўная печ дроў і ўсе гараць, а ў беднага адна палка і тая толькі куродыміць. У гэты момант рыпнулі дзверы, загрукалі ў парозе боты. Я выглянуў з-за коміна — Ахонька, а з ім мардады немец у касцы. На касцы дзве літары «SS».

— Збірайся,— прагугнявіў бабулі Ахокька.

Бабуля ў плач, у слёзы:

— А куды ж гэта, мой ты галубок? А я ж старая, і ў мяне вунь у печы гарыць, кінуць нельга...

— Не скуголь, ведзьма! — рыкнуў Ахонька і да мяне: — А ты чаго сядзіш, шчанюк!

Я злез з печы і стаў апранацца, думаючы, што б гэта магло азначаць.

— А ты чаго разляглася? — гыркае ўжо Ахонька на маці.

— Хворая яна, зусім хворая,— звярнулася чамусьці бабуля не да паліцэйскага, а да эсэсаўца, які каменнай глыбай стаяў у парозе.

— Гут,— кіўнуў каскай немец, і Ахонька адчапіўся. Ен узяў з міскі кіслы агурок і, чакаючы, пакуль мы збяромся, пачаў хрумстаць яго, нібы конь. Відаць, дзесьці з раніцы нажлукціўся, а закусіць не закусіў.

Вуліца ўжо гамоніць устрывожанымі жаночымі га-ласамі. Немцы і з іншых двароў выганяюць людзей.

— Шнэль! Шнэль!— штурхае фашыст у плечы дзеда Мірона.

— Ды не назаляй ты ім,— просіць яго і баба Гапа.

3 намі побач кульгае дзядзька Захар.

— Вось і дажыліся,— дудзіць ён сам сабе.— Спачатку курэй ды свіней, а потым і нас. А на што мы, уласна кажучы, спадзяваліся, мой татка?

— Куды гэта яны нас, дзядзька? — спытаў я.

— На кудыкіну гару,— горка ўсміхнуўся ён і заскакаў шпарчэй.— А мой ты татка, каб мне такія ногі, як у цябе, я даўно б...

А што даўно, ён не дагаварыў. На другім канцы вуліцы грымнуў стрэл. Ён пракаціўся рэхам па вёсцы, устрывожыў сабак у дварах, варон на школьных таполях.

Заўважыўшы, што я трымаюся бліжэй да платоў і часта азіраюся на мардатага немца, які цягнецца воддаль за намі, дзед Мікалай тузануў мяне за каўнер світкі.

— Ты глядзі,— буркнуў ён у свае сівыя вусы,— а то пакажуць табе пачым хунт ліха.

Ды яно і так уцякаць позна. Нас прыгналі да новай школы. А тут ужо амаль уся вёска: жанчыны, дзяды, дзеці, мужчыны. У вачах людзей трывога: што задумалі гэтыя немцы?

Мардаты салдат, што прыгнаў нашу вуліцу, падышоў да афіцэра, які курыў каля чорнай легкавой машыны цыгарэткі, і штосьці прагаўкаў, прыклаўшы руку да каскі.

Афіцэр абыякава махнуў пальчаткай у бок школы, і нас далучылі да натоўпу.