Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 3
Iван Kiрэевiч Сяркоў
Тут і я не змоўчаў. Праўда, майго дзеда не секлі дубцамі і бацька не быў матросам, але сказаць знайшлося што.
— А мой бацька,— паведаміў я,— калі хадзіў у школу, дык у класе да дзвярэй качаргу паставіў. Поп ішоў на ўрок, дзверы адчыніў, а качарга па лбе яго я-ак трэсне!..
Санька зарагатаў, а Коля спытаў:
— Ну і што?
— Гуз у папа быў яшчэ большы, чым у Санькі. А поп схапіў бацьку за вуха ды ў куток. Каленкамі на грэчку.
— А дубцамі не секлі? — пацікавіўся Санька.
— Не, толькі дома вяроўкай.
I ўсю дарогу, пакуль не разышліся па хатах, мы спрачаліся паміж сабой, абараняючы гонар сваіх бацькоў.
2. Гэй, па дарозе...
Наша з Санькам парта самая лепшая ў класе: яна стаіць каля акна. Сядзець тут намнога цікавей, чым у любым іншым месцы. Пройдзе хто-небудзь цераз школьны двор, праедзе па дарозе грузавік ці падвода, сядзе ў сваё гняздо бусел — усё мы бачым. Затое і заўвагі Антаніны Аляксандраўны сыплюцца на нашы галовы, як гарох.
— Макавей, не круціся!
Гэта Санька загледзеўся на бязногага каваля дзеда Цімоха, які пад'ехаў на сваёй трохколавай «лісапеце» да сельмага.
— Сырцоў, табе на ўроку нецікава?
Гэта ўжо я назіраю, як рудая кошка школьнай прыбіралыпчыцы цёткі Мар'і ціхенька падкрадаецца да вераб'я.
А сёння нам і зусім не сядзіцца: хутка празвініць апошні званок, пасля якога мы на ўсё лета станем вольнымі арламі. Заўтра ўжо канікулы!
У Антаніны Аляксандраўны таксама прыўзняты настрой. Яна прыйшла ў клас урачыстая і радасная. У яе гладка прычасаных валасах сёння быццам менш сівізны, быццам разгладзіліся і маршчыны на твары. У новай сіняй сукенцы, дробненькая, худзенькая, яна ходзіць паміж парт і шчабеча тонкім галаском:
— Дарагія мае хлопчыкі і дзяўчынкі! Вось прайшоў і яшчэ адзін год. Мы з вамі, ідучы да вяршынь навукі, узняліся яшчэ на адзін прыгорачак. Няхай сабе ён невялічкі, але...
Па-святочнаму зіхацяць шкельцы яе акуляраў, якія неяк самі сабой, без аглобелек, трымаюцца на носе. У нас з Санькам так не выходзіць. Шмат разоў мы рабілі з тонкіх медных дроцікаў такія акуляры — і ўсё дарэмна. Толькі начэпіш іх на нос, яны тут жа і зваляцца на зямлю.
— ...але і на канікулах не забывайце, што вы школьнікі,— працягвае шчабятаць Антаніна Аляксандраўна, а Санька штурхае мяне локцем у бок і паказвае вачыма на акно.
Там, на вуліцы, каля трансфарматарнай будкі, якую нядаўна пабудавалі побач са школай, ходзіць калгасны электраманцёр Іван Буслік. Каб і хацеў, дык Бусліку лепшага прозвішча не прыдумаеш. Ногі ў яго тонкія, доўгія, як аглоблі. Ен крок зробіць, а звычайны чалавек — два.
Буслік высока задзірае галаву і нешта разглядае ўверсе, у перапляценні правадоў. На поясе ў яго шырокая папруга з ланцугом, а на плячы жалезныя кіпцюры, якія ён заўсёды прымацоўвае да сваіў даўжэзных ног, калі хоча залезці на слуп.
Электрычнасць для нас яшчэ навінка, нейкае незразумелае цуда. Яе правялі ў вёску з паўгода назад, і ўсе мы, дзеці і дарослыя, дзіву даёмся, як гэта па жалезным дроце бяжыць агонь, як ён залазіць у лямпачку і гарыць там без газы і чаду. Мая бабуля дык толькі плячыма паціскае: