Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 2
Iван Kiрэевiч Сяркоў
— Шкілет-дрындулет,— насмешліва сказаў ён і аўтарытэтна дадаў: — Там ланцугі...
Цяпер надышла мая чарга. Колькі я ні прыглядаўся, але ні шкілета, ні ланцугоў не ўбачыў. Аднак, каб не быць горшым за іншых, заявіў:
— Ага ж...
I ўсе пабеглі ў клас.
Пасля ўрокаў мы зноў пайшлі глядзець халодную. На гэты раз нам пашанцавала: дзверы таямнічага склепа былі расчынены на ўсю шырыню. Хто іх расчыніў, мы не ведалі, толькі бачылі, як школьная прыбіральшчыца цётка Мар'я цягнула цераз дарогу дзежку да калодзежа. Мы, як качаны, скаціліся па каменных прыступках. Санька першы шмыгнуў у чорны праём дзвярэй. Праз хвіліну ўнізе штосьці загрукатала, і неўзабаве пачуўся прыглушаны Санькаў голас:
— У, чорт... нагарадзілі тут...
Следам палез я, а потым і Коля Бурэц. Аказалася, што за дзвярыма быў яшчэ цэментаваны ганак, якога Санька ў цемры не разгледзеў. Цяпер ён стаяў каля перакуленых начовак і збянтэжана паціраў лоб. У яго заўсёды так: не паспее адзін гуз сысці — другі наб'е. Уявіць Саньку без гуза проста немагчыма.
Нічога страшнага ў халоднай мы не знайшлі: не было тут ланцугоў, якімі, на думку Санькі, прыкоўвалі змагароў за свабоду да сцяны, і тым больш не валяліся шкілеты. Над намі навісала сырая цагляная столь, нашы галасы гудзелі, як у пустой дзежцы. На падлозе валяліся старыя, разбітыя начоўкі, стаяла вядро з анучамі, якімі цётка Мар'я мые ў класах. Пад нагамі хрумсталі бульбяйыя парасткі, у кутку ляжалі два качаны капусты, відаць, пакінутыя на высадку, ды некалькі запыленых бутэлек ці то з-пад газы, ці то з-пад алею.
— А ўсё ж тут страшна было сядзець,— зазначыў я, калі мы выбраліся са склепа.
Санька на гэта нічога не адказаў, толькі сярдзіта засоп, быццам мы вінаваты, што ён набіў сабе гуз, затое Коля з пагардай хмыкнуў:
— П-падумаеш, страшна. Мой б-бацька калісьці тут сто разоў сядзеў...
Ну і хвалько ж гэты Заяц. Што яму ні скажаш, ён адразу:
— П-падумаеш!
— Скажы яшчэ тысячу,— не сцярпеў я.
У чорных зыркіх вачах Колі загарэліся сярдзітыя агеньчыкі, а кірпаты нос яшчэ больш задраўся ўгару.
— Не верыш? — абурыўся ён і пачаў даказваць: — Пры буржуях сядзеў? Сядзеў. Ен аднаму п-пану па мордзе як п-пляснуў, яго і п-пасадзілі. Потым яго б-белякі расстраляць хацелі. Ен т-таксама сядзеў. А п-потым уцёк... Мой бацька матросам быў, во... Ен белых, ведаеш, як б-біў? 3 кулямёта — тра-та-та-та...
Што праўда, то праўда: Колеў бацька быў некалі матросам.
У іхняй хаце ў вышываных ручніках і зараз вісіць фотакартка прыгожага маладога мужчыны з чорнымі вусамі, у бесказырцы. На бесказырцы напісана «Быстрый». Мы з Санькам, калі ў хаце не было дарослых, залазілі на стол і самі чыталі.
I з кулямёта, напэўна, ён белых таксама біў, таму што грудзі яго перакрыжаваны кулямётнымі стужкамі.
Колеў бацька загінуў гадоў дзесяць назад. Застрэілі з абрэза ноччу. Ён быў старшынёй сельсавета.
— А майго дзеда пры буржуях дубцамі секлі, бо ён шапкі не хацеў здымаць,— пахваліўся раптам Санька і з такім гонарам паглядзеў на нас, быццам гэта не дзед, а ён, Санька, не здымаў перад буржуямі шапкі. Яго аблуплены нос блішчыць, як памазаны салам. Ён забыўся нават пра свой гуз.