Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 35

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Толькі адзін чалавек нічога не даваў чырвонаармейцам. Ен стаяў каля сельмага, радасна ўсміхаўся немцам і крычаў у калону:

— Што? Дапамог вам ваш Сталін?

Гэта быў Няўмыка. Мы з Санькам каб змаглі, дык у лыжцы вады яго ўтапілі б.

А яшчэ Няўмыка хваліўся, што немцы забралі ў палон усю нашу армію.

— Няпраўда,— адгукнуўся камісар.— Вы, таварышы камандіры, яму не верце. Вось слухайце, я вам раскажу, як нашы б'юцца. Дайце толькі вады глынуць.

Прагнаўшы смагу, Аляксандр Карпавіч загаварыў, успамінаючы нядаўнія баі. Іх засталося нямнога: ён, батальённы камісар, і пяцёра байцоў: узбек Джамал Хаджыеў, запявала і балагур, Косця Арлоў з Данбаса, беларус Цімох Качанок і двое разанскіх хлопцаў — Пеця Кашуцкі і Саша Перапёлкін. Нямецкіх танкаў таксама было пяць. За танкамі ішлі аўтаматчыкі.

Тут Аляксандр Карпавіч змоўк і аблізаў сухія, патрэсканыя губы. На яго шчоках захадзілі жаўлакі. Відаць, цяжка яму ўспамінаць той бой.

Нямецкім снарадам зраўняла акоп, дзе знаходзіліся Косця Арлоў і Цімох Качанок. Іх засталося чацвёра: ён, батальённы камісар, і трое байцоў. Адступаць не было загаду. Ды ніхто пра гэта і не думаў. У іх былі бутэлькі з гаручай вадкасцю, кулямёт і вінтоўкі. Тры танкі засталіся стаяць у жыце, на той вышыні. Два падпаліў Джамал і адзін — разанскія хлопцы. Нямала лягло і фашысцкіх аўтаматчыкаў. Але і нашых засталося трое: ён, батальённы камісар, ранены ў плячо, і двое разанскіх хлопцаў. Джамал быў забіты асколкам снарада. Сашу Перапёлкіну адарвала руку. Ён сыходзіў крывёй.

Вечарам, калі на зямлю апусціліся прыцемкі, прыйшоў загад адступаць. Яны пахавалі ў адной магіле сваіх таварышаў і пайшлі. А немцы ўсё білі і білі па той вышыні.

Сашу Перапёлкіна яны пакінулі ў бліжэйшай вёсцы ў надзейных людзей, а потым... Потым пачаўся бой за нашу вёску. Камісара раніла ў галаву, і ён апрытомнеў у бліндажы дзеда Мірона. А полк? Полк іх пайшоў. Ён вернецца.

— Няпраўду гаворыць ваш Няўмыка, няпраўду,— як бы падвёў рахунак усяму сказанаму Аляксандр Карпавіч.— Наша армія змагаецца. Яна вернецца. Не вешайце толькі насы, таварышы камандзіры...

Камісар адкінуўся на падушку, на яго лбе выступілі кроплі поту. Пакуль ён адпачывае, зноў расказваем мы. Два дні назад вярнуўся дамоў з вайны адзін наш падлюбскі дзядзька. Мы яго добра і не ведаем, бо далёка жыве. Ведаем толькі, што завуць Палікарпам. Дачулася пра гэта мая маці і пачала прасіць бабулю: схадзі ды схадзі да Палікарпа, можа, ён ведае што пра нашага бацьку, можа, дзе сустракаў, можа, што-небудзь чуў. А сама маці схадзіць не можа. Яна не ўстае з пасцелі.

Бабуля пайшла. Ну і я з ёй.

Палікарп ляжаў на печы. На яго страшна было глядзець, такі схуднелы. Адны маслы ды вочы. Аказваецца, ён не прыйшоў з вайны, а ўцёк з палону, з нейкага канатопскага лагера. Тры тыдні ішоў, а дадому дайсці не мог, зваліўся дзесьці ў адной вёсцы вёрст за сорак адсюль. Адтуль яго на падводзе прывезлі. Цяпер ляжыць на печы і сам злезці не можа.

Пра майго бацьку Палікарп нічога не ведае.