Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 37

Iван Kiрэевiч Сяркоў

На тым і скончылася. Дзед вынес з сенцаў лесвіцу палез на страху, а мы з бабуляй пайшлі на агарод капаць бульбу.

Я падкопваю віламі-трызубцамі калівы, а каравыя бабуліны пальцы дбайна пераграбаюць зямлю, кідаюць бульбіну за бульбінай у стары лазовы кош. Мая нага на вілах, а вочы то ў Міронавым садзе, то на вуліцы. 3 галавы не выходзяць думкі пра камісара, пра яго расказ аб нашых бацьках. Увесь час карціць расказаць пра бацьку і бабулі. Але яна пачне тады дапытвацца, адкуль гэта мне вядома.

Калі я ўжо занадта задумаюся або загледжуся і праміну каліва ці мелка падкапаю, бабуля зноў на мяне: каму мы робім? Сабе ці чорту лысаму?

Накапаную бульбу яна высыпае ў мяхі. У свой — два кашы, у мой — адзін.

— Ох, грэх мой цяжкі,— уздыхае бабуля кожны раз, ускідваючы мяшок на плечы, а я ўслед:

— Ох, мех мой цяжкі!

I валакуся за ёю ў хату. Там мы высыпаем бульбу пад падлогу і — зноў на агарод.

Непадалёку, на свежым бульбянішчы, корпаецца Глыжка: будуе ў зямлі розныя пячуркі, капае траншэі і акопы. Ён вымазаўся з галавы да ног — вачэй не відаць. Яму, зразумела, можна жыць на маёй шыі.

Бульба ўдалася добрая. Падымеш корч — паглядзець прыемна: буйная, чыстая. Бабуля ўвесь час радуецца:

— Слава богу, хоць драчонікі есці будзем.

А мне не да драчонікаў. Зусім выбіўся з сіл, ні рук, ні ног не чую. На думку бабулі, гэта ад вялікага панства.

Мы працавалі да вечара. Пачало ўжо змяркацца. Доўгі цень ад плота лёг на ўвесь агарод, на вербах загаманілі вераб'і. Пацягнула сырасцю.

У гэты час на нашай вуліцы і паказаліся паліцэйскія. Наперадзе важна крочыць Няўмыка. На ім ужо не цывільнае адзенне, а нямецкі мундзір, у руках тая ж гумавая палка. Вінтоўку павесіў на плячо ўгару прыкладам, быццам паляўнічы. За Няўмыкам валакуцца крывароты Ахонька і яшчэ адзін незнаёмы, чужасельскі. Чаго яны тут сноўдаюць? Раўчака нашага з жабамі не бачылі, ці што? А можа, самагонкі шукаюць?

Калі Няўмыка стаў пераходзіць вуліцу, а Ахонька паказаў свайму прыяцелю рукой на Міронаву хату, страшкая здагадка апякла мяне. Вынюхалі, сабакі. Па камісара ідуць.

Я кінуў мяшок на зямлю і, ледзь не збіўшы з ног ашаломленую бабулю, кінуўся па бульбянішчы ў Міронаў сад. Хутчэй! Хутчэй! Галоўнае — паспець раней, чым яны, галоўнае — папярэдзіць дзеда Мірона.

На маё шчасце, паліцэйскія затрымаліся каля раўчака. Няўмыка перамахнуў яго лёгка, а Ахонька скочыў у гразь. Цяпер ён абмывае запэцканыя боты, а яго спадарожнікі стаяць і рагочуць.

Рагачыце сабе, а я ўжо на плоце. Трохі разадраў кашулю, трохі насадзіў у жывот скабак, ды пакуль жаніцца — загаіцца.

У двары разляцеліся з-пад ног ашалелыя ад страху куры, шмыгнуў пад ганак кот, і вось я ўжо ў хаце лаўлю ротам паветра:

— Па-па-па-ліцэйскія...

А выскачыць не паспеў. Загрукалі на ганку боты, бразнула клямка, і парог пераступіў Няўмыка. За ім праціснуўся чужасельскі. Ахонька застаўся на двары.

— Добры дзень, Мірон,— прывітаўся Няўмыка і хуткім, зладзейскім позіркам агледзеў хату. Чужасельскі нічога не сказаў. Прымёрз у парозе і паглядае спадылба. Мяне вельмі здзівіў яго твар, быццам на ім чэрці гарох малацілі: яміна на яміне.