Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 34

Iван Kiрэевiч Сяркоў

На абед я спазніўся. Бабуля, прыбіраючы пасуду са стала, сустрэла мяне са здзеклівай ветлівасцю.

— У вас папелі, а ў нас паелі,— сказала яна, а потым і зусім раззлавалася: — Дзе гэта ты швэндаешся цэлымі днямі?

Так я і скажу, што быў у Мірона, што бачыў там камісара. А як жа!

14. Камiсар i камандзiры

Дзед Мірон цяпер усім суседзям скардзіцца, што на яго напала нейкая хворасць: спіну разагнуць не можа. Чаго ўжо ён ні рабіў: і на чарэні грэўся, і ў печ на ноч лазіў, і шкіпінарам мазаўся — усё дарэмна. Вось цяпер фельчар ходзіць, банкі ставіць.

— I банкі-хварабанкі не дапамагаюць,— уздыхае дзед.

Толькі мы з Санькам ведаем, чаго Цімафей Іванавіч зачасціў да Мірона. Ведаем і маўчым, таму што скажы аднаму ды другому, дык і да Няўмыкі дойдзе.

Цяпер мы ў дзеда Мірона частыя госці. Прыйдзем, раскажам, што чулі, што бачылі, пачастуемся яблыкамі, заглянем у бліндаж. I тут таксама расказваем, што робіцца на свеце. Ранены ўжо крыху акрыяў і рад нас бачыць. За час, што ён ляжыць тут у дзеда, у яго адраслі густая барада і вусы. Толькі востры нос тырчыць ды запалыя вочы блішчаць.

Завуць яго Аляксандрам Карпавічам, і Санька вельмі задаецца, што камісар яго іншы раз называе цёзкам. Кожны раз ён сустракае нас адным і тым жа:

— А-а, гэта вы, таварышы камандзіры! Як справы, таварышы камандзіры?

Якія там справы? Справы не вельмі вясёлыя. Немцы зноў прыязджалі ў вёску, забралі ў Малахаў кабана, а Няўмыка з Ахонькам завіталі да майго дзеда Мікалая і папрасілі салёных агуркоў на закуску, затым выйшлі на двор, завязалі вяроўкай дзверы, каб дзед не выскачыў, і забралі гусей. Пакуль дзед вылез праз акно, дык іх і след прастыў.

— Яны заплоцяць,— крывячыся ад болю, супакойвае нас Аляксандр Карпавіч,— за ўсё заплоцяць...

— Ага ж, заплоцяць, калі рак свісне,— сумняваемся мы, а камісар на сваім стаіць:

— Чырвоная Армія прыйдзе — і заплоцяць...

— А калі яна прыйдзе?

Камісар доўга не адказвае. Ен заплюшчыў вочы ад знямогі і часта, няроўна дыхае. На зжаўцелай скроні б'ецца сіняя жылка. Мы думаем, што ён ужо заснуў, але раптам, не расплюшчваючы вачэй, камісар загаварыў:

— Прыйдзе наша армія, прыйдзе, таварышы камандзіры.

Прыйсці яна прыйдзе, а пакуль што вакол робіцца такое, аб чым і расказваць няма ахвоты. Учора праз нашу вёску немцы гналі вялікую калону палонных. Чырвонаармейцы чорныя ад пылу, аброслыя, галодныя, панурыя. У хвасце, увесь час адстаючы, ішлі трое. Дакладней кажучы, двое цягнулі трэцяга. Ен, абняўшы сваіх таварышаў за плечы, вісеў мяшком. Таксама, як і ў нашага камісара, забінтавана галава і на босай назе мокрая крывавая ануча. Жанчыны былі кінуліся з хлебам і бульбай, але немцы пару разоў паласнулі з аўтаматаў над галовамі, і ўсе разбегліся ў розныя бакі, пахаваліся ў двары. Ужо адтуль цераз платы пачалі шпурляць у калону хто кавалак хлеба, хто сухар. Я, Санька і Міцька Малах таксама шпурлялі.