Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 36

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Бачыў я яго толькі перад адпраўкай на фронт. Іх полк ранейшым зшалонам пайшоў,— паведаміў ён нам з бабуляй.

— А вы майго бацьку не сустракалі? — спытаўся я раптам у камісара.

Той расплюшчыў цяжкія, пасінелыя павекі і доўга ў мяне ўглядаўся.

— А як яго прозвішча?

— Сырцоў.

У мяне заіскрылася надзея.

— Ён такі вось... чубаты,— падказаў я камісару.— На мяне падобны.

— Ну як жа, як жа... Ведаю я твайго бацьку,— сказаў камісар.

— А дзе ён? — загарэўся я.

— Ён у нашым палку служыць. Твой бацька храбры баец. Ен танк нямецкі падбіў. А дзе зараз? Там, дзе полк. 3 палком пайшоў. Вось фашыстаў разаб'ём, ён і вернецца.

— А мой? — не ўтрымаўся Санька.— Яго прозвішча Макавей. Іванам завуць.

Санькавага бацьку, аказваецца, камісар таксама добра ведае. Ен служыць у тым жа палку, толькі падбіў не танк, а самалёт. Прыцэліўся і — бах з вінтоўкі проста ў бак з бензінам. Самалёт адразу ж і загарэўся. Мне дык аж крыху зайздросна стала. Але, падумаўшы, я супакоіўся. Танк падбіць таксама нядрэнна.

Натхнёныя подзвігамі сваіх бацькоў, мы паведамілі камісару:

— А мы ў партызаны пойдзем!

У нас, па сутнасці, ужо ўсё гатова: мяшкі з сухарамі ёсць, бінт і ёд таксама, патронаў цэлая скрынка. Толькі зручнага моманту чакаем.

Камісар быў першы чалавек, каму ні Санька, ні я не пабаяліся раскрыць тайну. Мы былі ўпэўнены, што ён нас падтрымае, а можа, папросіцца і разам з намі. Такога можна ўзяць.

Мне здалося, што камісар чуць-чуць усміхнуўся. Але гэта, відаць, мне толькі здалося, таму што ён сур'ёзна спытаў:

— А зброя ў вас ёсць?

— Зброі ў нас няма,— сказаў я.— Толькі патроны. Гавораць, ёсць вінтоўка ў Колі Бурца, але той нізашто яе не аддасць. Ён нават не прызнаецца, дзе яе хавае. Можа, ў вас ёсць лішні наган?

— Не, таварышы камандзіры, лішняга няма. А свой я не аддам — не пад'язджайце. I ў партызаны вам яшчэ рана ісці. Пагуляйце, падрасціце крыху.

Добра яму гаварыць — падрасціце. Пакуль будзем расці, усіх фашыстаў паб'юць. Што тады рабіць?

15. Камiсар iдзе на ўсход

Сёння раніцой мне ад дзеда Мікалая была добрая праборка. Прыйшоў ён да нас, каб паладзіць страху ў хляве, а бабуля яму і паскардзілася, маўляў, Іван ад рук адбіўся. I вось дзед сядзіць каля акна на ўслоне, раз-пораз мацае свае вусы і чытае мне пропаведзь:

— Дык што ж гэта ты, хлопец, га?

Я стаю насупраць і разглядаю свае парэпаныя ногі. На адным вялікім пальцы збіты пазногаць, а другі завязаны анучкай. Скокнуў учора са страхі на разбітую бутэльку.

— Што ж ты маўчыш? Ці размаўляць, можа, са мной не хочаш? — дапытваецца дзед.

Бабуля выцягвае з печы чыгун і падлівае масла ў агонь:

— Даўно палка хадзіла...

Вось тут і пайшло! Калі ён быў такі, як я, дык і ў полі араў, і каня пасвіў, і сеяў, і касіў, і малаціў, і чаго-чаго толькі не рабіў, а не гойсаў днямі чорт ведае дзе. Па-мойму, ён столькі працаваў, што дарослым і рабіць не было чаго. Яны, напэўна, цэлымі днямі білі лынды ды лушчылі гарбузікі.

— Ты чаго ўсміхаешся? — пакрыўдзіўся стары.— Ты забыў, што табе бацька казаў? Забыў?

— Не,— вымавіў я праз сілу.

— Ну дык глядзі ж. Вунь на тваёй шыі брат, маці хворая і баба старая. Хопіць дурніцу ганяць.